Дэпутат лічыць сустрэчы з выбаршчыкамі раз на 8 месяцаў дастатковымі
Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч 12 чэрвеня пабываў на прыёме ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Уладзіміра Краўцова. Дэпутат, які адначасова з’яўляецца старшынёй Гродзенскага аблвыканкама, праводзіў прыём выбаршчыкаў у Крычаўскім, Клімавіцкім і Хоцімскім раёнах.
“Усяго ў Хоцімску на прыём да свайго дэпутата прыйшлі чатыры чалавекі, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Шмат хто з жыхароў Хоцімска проста не ведаў, што Уладзімір Краўцоў праводзіць прыём у нашым гарадскім пасёлку, у іншым выпадку наведвальнікаў было б нашмат больш. Наша сустрэча пачалася не вельмі канструктыўна, бо Уладзімір Краўцоў адразу ж паспрабаваў абвінавачваць мяне ў тым, што я даю недакладную інфармацыю наконт яго дэпутацкай дзейнасці на незалежныя інтэрнэт-рэсурсы. У прыватнасці, ён пачаў запэўніваць мяне, што праводзіў свой папярэдні прыём у якасці дэпутата ў Хоцімску не больш чым год таму, а 9 кастрычніка 2014 года. Я патлумачыў паважанаму дэпутату, што калі нават гэта і адпавядае сапраўднасці, то не можа лічыцца дасягненнем, бо нават з гэтай даты прайшло ўжо больш за восем месяцаў. Тым больш, што я кожны месяц наведваў Хоцімскі райвыканкам і запытваўся пра тое, калі ж я нарэшце змагу сустрэцца з дэпутатам Краўцовым і мне пра дэпутацкі прыём у кастрычніку ніхто не паведамляў. Не было адпаведнай абвесткі і ў нашай раённай газеце.
Пасля гэтага гутарка пайшла ў больш спакойным рэчышчы. Я зноў узняў пытанне пра немагчымасць адначасовага сумяшчэння паўнамоцтваў дэпутата Палаты прадстаўнікоў і пасады старшыні Гродзенскага аблвыканкама, а Уладзімір Краўцоў зноў пачаў мяне запэўніваць, што з дапамогай сваіх памочнікаў ён годна выконвае дэпутацкія абавязкі. У якасці прыкладу Краўцоў прывёў факт прыняцця кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам указа №235 “Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці”, які шмат у чым будзе спрыяць далейшаму развіццю тэрыторыі яго выбарчай акругі. За гэты ўказ я яго падзякаваў ад імя выбаршчыкаў, аднак адзначыў, што многіх праблем усходу Магілёўшчыны ён не вырашае”.
Па словах Валерыя Каранкевіча, пачас сустрэчы з дэпутатам Краўцовым ён таксама ўздымаў праблемы працы камунальнай гаспадаркі Хоцімскага раёна і працаўладкавання для жыхароў рэгіёна.