Гомельскія журналісты абскардзілі Буда-Кашалёўскія штрафы
Журналісты-фрылансеры з Гомеля Натальля Крывашэй і Кастусь Жукоўскі накіравалі 12 чэрвеня касацыйныя скаргі ў абласны суд, дзе аспрэчваюць пастановы суда Буда-Кашалеўскага раёна, які пакараў іх буйнымі штрафамі за супрацоўніцтва з польскім спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат”.
5 чэрвеня суддзя Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці Уладзімір Пракапенка прызнаў абаіх журналістаў вінаватымі па арт. 22.9 КаАП ч. 2(“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) і аштрафаў на 3,6 мільёнаў рублёў кожнага (па 20 базавых велічыняў).
“Будучы неакрэдытаванымі ў якасці журналістаў замежнага СМІ незаконна вырабілі інфармацыйны матэрыял пад назвай "Замест дома пустка: жыхары вёскі Забалоцце засталіся без даху над галавой", які пасля быў прадэманстраваны польскім тэлеканалам “Белсат”, - да такой высновы прыйшоў раённы суддзя, даўшы 7,2 мільёнаў рублёў незалежным журналістам.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае журналістам абскарджваць штрафы, кажа, што суддзя ў абодвых выпадках узяў на сябе адказнасць за невыкананне артыкулаў 23 і 34 Канстытуцыі і артыкула 19 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх ды палітычных правах.
“Карыстанне правам на свабоду атрымання і распаўсюду інфармацыі можа падлягаюць пэўным абмежаванням, аднак яны павінны быць не толькі прадугледжаны законам, але і з'яўляцца неабходнымі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў. Абмяжоўваючы правы журналістаў, суд не змог прадэманстраваць, для дасягнення якой з пералічаных мэтаў ён прыцягвае да адказнасці незалежных журналістаў”, - падкрэсліў юрыст.