viasna on patreon

Берасцейскага актывіста Андрэя Шарэнду затрымалі тройчы за дзень

2015 2015-06-12T15:05:19+0300 2015-06-12T15:05:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sharenda-1601_0_0.jpg
Андрусь Шарэнда (фота euroradio.fm)

Андрусь Шарэнда (фота euroradio.fm)

Але пасля трох спроб абвінаваціць хоць у чымсьці, вымушаныя былі вызваліць.

Грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда з Берасця быў затрыманы тройчы за вечар адной і той жа брыгадай міліцыі. Як ён паведаміў charter97.org, патрульным было загадана скласці пратакол за дробнае хуліганства, аднак у выніку супрацоўнікі міліцыі адмовіліся пісаць няпраўду на загад начальства.

«Учора ўвечары я выйшаў прайсціся з сябрам. Стаялі размаўлялі. Дзесьці а 10-й вечара да нас пад'ехаў патрульны аўтамабіль. Міліцыянты сказалі, што нібыта паступіла скарга аб тым, што мы п'ем піва. Прычым размова ішла так, як быццам міма нас праязджаў хтосьці з начальнікаў, убачыў і сказаў затрымаць. Яны самі не ведалі, за што нас затрымліваць, і адпусцілі.

Сітуацыя паўтарылася праз паўгадзіны каля майго дома. Тыя ж самыя міліцыянты. Ім патэлефанавалі і паведамілі, што мяне ўсё ж трэба затрымаць і даставіць у апорны пункт. З нефармальнай гутаркі высветлілася, што за мной было сачэнне і загад затрымаць.

У апорным пункце на міліцыянтаў сталі ціснуць, каб тыя склалі пратакол за дробнае хуліганства, але папаліся нармалёвыя міліцыянты і яны адмовіліся. Вазілі да нарколага для фармальнай падставы, нібыта, быў п'яны. Але наркалогія паказала нуль. Адпусцілі, але праз 15 хвілін па дарозе дадому (ехаў на аўто) зноў дагналі і сказалі, што трэба ўсё ж завезці да ўчастковага для складання пратаколу. Ужо трэцім разам!

Скончылася ўсё тым, што міліцыянты папаліся сумленныя і наогул адмовіліся складаць хлуслівыя пратаколы», - паведаміў ён.

Актывіст мяркуе, што гэта ўсё звязана з набліжэннем «выбараў».

«Найперш я звязваю гэта з будучымі «выбарамі». Цяпер спрабуюць рабіць нейкую зачыстку ў рэгіёнах, у першую чаргу гэта тычыцца журналістаў і грамадскіх актывістаў. Для іх ладзяцца дробныя правакацыі і запалохванні», - патлумачыў актывіст.

Нагадаем, апошнім часам супраць многіх неабыякавых людзей сапраўды праводзяцца рознага кшталту правакацыі і адвольныя затрыманні, а журналісты ўсё часцей трапляюць на лаву падсудных з надуманых прычын.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства