Брэст: незалежная журналістка абскарджвае рашэнне суда, які аштрафаваў яе на 60 базавых велічынь
Журналіст-фрылансер Аліна Літвінчук накіравала касацыйную скаргу ў Брэсцкі абласны суд, каб аспрэчыць пастанову суда Ленінскага раёну Брэста, які прыняў рашэнне пакараць яе буйным штрафам.
На судовым паседжанні, якое адбылося 3 чэрвеня, суддзя Ленінскага раёну Брэста Дзмітрый Шурын прызнаў Літвінчук вінаватай адразу па двух эпізодах паводле артыкула 22.9 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і агулам аштрафаў на 10,8 мільёна рублёў.
Аліна Літвінчук адзначыла, што не здолела атрымаць копію пратакола судовага паседжання, нягледзячы на тое, што суддзя абяцаў яе выдаць яшчэ на мінулым тыдні. Паводле меркавання незалежнай журналісткі, пратакол не быў выдадзены ў тым ліку і таму, што справа ў адносінах яе фактычна сфальсіфікаваная, і Літвінчук настойвала, каб у пратакол былі ўключаны ўсе яе скаргі і хадайніцтвы.
У сваёй касацыйнай скарзе журналіст-фрылансер нагадвае, што суд першай інстанцыі не здолеў даць адказ на пытанне, чаму для яе было ўсталявана абмежаванне на збор і распаўсюд інфармацыі, праігнараваны адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных пагадненняў, якія наша краіна ратыфікавала.
Нагадаем, што сёлета суды ў Брэсце ўжо чатыры разы прымалі рашэнні пакараць Аліну Літвінчук штрафамі на падставе “незаконнага выраба і рапсаўсюду прадукцыі СМІ” (а фактычна – за супрацоўніцтва з Беларускім Радыё Рацыя).