viasna on patreon

Валанцёры-праваабаронцы: Захапляе адзінства, згуртаванасць, неабыякавасць харкаўчан

2015 2015-06-10T07:52:37+0300 2015-06-10T09:12:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/harkau-misia-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Трывожныя будні Харкава.

Трывожныя будні Харкава.

Валанцёры-праваабаронцы, якія ў складзе “Правабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне” аказваюць дапамогу ў Харкаве перасяленцам з зоны баявых дзеянняў Аляксей Колчын і Маргарыта Вялічкіна дзеляцца сваімі назіраннямі і развагамі пра сітуацыю ў горадзе, рэфлексіямі наконт спрадвечнага пытання “вайны і міру”, распавядаюць аб трывогах і спадзяваннях простых украінцаў.

Пытанне “вайны і міру”

Аляксей Колчын: Канечне, лепш хоць такі, ды мір. Мы глядзім цяпер на гэтую сітуацыю вачыма валанцёраў, якія апякуюцца ўцекачамі, і падчас перамір’я, натуральна, ім удаецца лепш наладзіць працу з перасяленцамі. Калі ж ідуць актыўныя баявыя дзеянні, уцекачоў становіцца ў разы больш, і кожная такая іх хваля патрабуе ад харкаўскіх актывістаў надзвычайных высілкаў.

Маргарыта Вялічкіна: Простыя людзі, з якімі давялося мець зносіны, усе хочуць міру. Шмат загінулых сярод удзельнікаў АТА (антытэрарыстычнай аперацыі) і сярод мірнага насельніцтва, шмат параненых. У Харкаве перасяленцы фактычна нікому не патрэбныя. Іх праблемы вырашаюцца з дапамогай валанцёраў. Многія жыхары горада незадаволеныя мясцовай уладай. Цэны на здымнае жыллё ў Харкаве (з моманту ваеннага канфлікту) падняліся ў некалькі разоў. Перасяленцам не жадаюць здаваць кватэры, ім цяжка знайсці працу. Вялікую дапамогу валанцёры аказваюць арміі: удзельнікаў АТА апранаюць, кормяць, забяспечваюць неабходнымі рэчамі. Хлопцы на прыняцці прысягі стаяць у спартыўнай форме, абмундзіраванне ім трэба купляць самім.

 

Жыццё ў чаканні правакацый і дыверсій

Аляксей Колчын: Абвастрэння сітуацыі чакаюць многія, калі не на Харкаўшчыне, дык у зоне АТА дакладна. Ніхто ня мае асаблівых спадзеваў на гэтае “перамір’е”, большасць чакае чарговага абвастрэння сітуацыі: занадта шмат скапілася ў адным месцы збройных сілаў, а адгэтага пастаянныя сутычкі і правакацыі.

Маргарыта Вялічкіна: Сярод харкаўчан няма панікі нягледзячы на розныя чуткі. Людзі прагнуць міру. Многія настроены рашуча: ці мір, ці пойдуць на Кіеў. Удзельнікі АТА кажуць, што ім не даюць загаду наступаць, толькі абараняцца, адбіваць напады нападнікаў. 90% палонных складаюцца з салдат расійскай арміі.

 

Настрой і пазіцыя харкаўчан

Аляксей Колчын: Абсалютна ўсе, з кім даводзілася мець стасункі, маюць праукраінскую пазіцыю. Харкаў увесь у жоўта-блакітных сцяжках і расфарбоўцы. Шмат якія таксоўкі ездзяць з украінскімі сцяжкамі, прымацаванымі да аўтамабіляў, шматлікія кіроўцы маюць сцяжкі ў салонах аўто. Асабіста я ніводнага разу ня бачыў т.зв. “георгіеўскіх” стужак ні на машынах, ні дзе яшчэ.

Маргарыта Вялічкіна:  Украінскі народ не перамагчы. Харкаўчане жывуць будучым, спадзяюцца на змену мясцовай ўлады. У горадзе паўсюль ідзе збор грошай дапамогі ў зону АТА.

 

Стаўленне да беларусаў

Аляксей Колчын: Стаўленне выключна пазітыўнае, хаця размаўляем у асноўным па-расейску. Харкаў збольшага  расейскамоўны, ды і камунікаваць нам даводзіцца ў асноўным з уцекачамі з Усходу Украіны.

Маргарыта Вялічкіна: Украінцы да беларусаў ставяцца вельмі добра, адразу ідуць на кантакт. Кажуць, што ў Беларусі чысціня, што "бацька" навёў парадак. Бачна, што украінцы хаця і нашы суседзі, але  зусім мала ведаюць аб нашай краіне. Дзівяцца, што ў Беларусі на выбарах можна прагаласаваць на працягу тыдня, па факце няма магчымасці атрымаць адукацыю на беларускай мове і інш. Размаўляем мы тут на рускай мове, яны разумеюць беларускі, але не ўсе словы. Баец-добраахвотнік, напрыклад, прынцыпова не захацеў размаўляць з намі на мове акупантаў.

З канкрэтнымі справамі беларускіх валанцёраў можна знаёміцца ў раздзеле “Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” на нашым сайце, альбо на старонцы місіі ў Facebook

Фота Маргарыты Вялічкінай.

Трывожныя будні Харкава.
Трывожныя будні Харкава.
Трывожныя будні Харкава.
Трывожныя будні Харкава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства