Палітвязьня Мікалая Дзядка пакаралі карцэрам за адмову ад працы
Мікалай Дзядок зьмешчаны ў ШЫЗА (штрафны ізалятар) на 7 дзён. Тэрмін пакараньня павінен скончыцца 9 чэрвеня. Паводле супрацоўніка калёніі ў Горках, дзе адбывае свой тэрмін Мікалай Дзядок, пакараньне накладзенае за адмову працаваць.
Падрабязнасьці карэспандэнту паведаміла жонка Мікалая Дзядка Валерыя Хоціна. Карэспандэнт пазваніў Валерыі, даведаўшыся зь іншых крыніц, што Мікалая Дзядка перавялі ў атрад і накіравалі на працу.
«Гэта так, — пацьвердзілаВалерыя Хоціна — Але цяпер ён зноў у ШЫЗА. Маці званіла ў калёнію, і там ёй сказалі, што яго пакаралі за адмову ад працы. Але наколькі гэта сапраўды адмова працаваць, мне невядома. У шклоўскай калёніі зь ім было, што ён адмаўляўся працаваць, але не зусім, а толькі працаваць па суботах, звыш нормы. Што атрымалася цяпер, мне невядома».
У канцы красавіка пра Мікалая Дзядка стала вядома, што ён у камэры калёніі ў Горках рэзаў вены на знак пратэсту супроць стаўленьня да сябе.
«Пасьля таго Мікалай паведаміў, што яго перавялі ў 21 атрад, накіравалі на працу — зьбіваць паддоны — ды папярэдзілі, што калі ня будзе выконваць норму, дык пакараюць. І вось гэтая навіна пра новы карцэр! Да яго паедзе адвакат, будзем высьвятляць, што там адбылося», — паведаміла Валерыя Хоціна.
У 2011 годзе актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок быў асуджаны на 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў у 2010 годзе. У магілёўскай турме, дзе адбываў пакараньне Мікалай Дзядок, яго трымалі ў памяшканьні камэрнага тыпу. Сёлета ў лютым, за некалькі дзён за заканчэньня тэрміну, суд прысудзіў Мікалаю Дзядку яшчэ год зьняволеньня за парушэньні парадку адбыцьця пакараньня. Палітвязьня ўтрымліваюць у калёніі ў Горках, якая лічыцца адной з самых жорсткіх паводле турэмных традыцыяў і дзеяньняў адміністрацыі.