“Міжнародная амністыя” пачала акцыю ў падтрымку беларускіх праваабаронцаў. Акцыя прымеркаваная да пачатку судовага працэсу па справе аб ліквідацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” пачынае 21 кастрычніка акцыю ў падтрымку беларускіх праваабаронцаў. Акцыя прымаркаваная да пачатку судовага працэсу па справе аб ліквідацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, суд па якой павінен быў пачацца ў гэты дзень у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.
“Міжнародная амністыя” выказала заклапочанасьць фактам нядаўняга закрыцьця ці пагрозы закрыцця шэрагу няўрадавых арганізацыяў, якія наўпрост ці ўскосна займаюцца адукацыйна-праваабарончай дзейнасьцю. Гэтыя факты, па меркаваньні “Міжнароднай амністыі”, дэманструюць нарастаючую тэндэнцыю нецярпімасьці беларускіх уладаў жа іншадумства і мірнай апазіцыі. “Міжнародная амністыя” лічыць, што сістэма афіцыйных папярэджаньняў на адрас НДА, разам з бюракратычнай сістэмай рэгістрацыі і складанымі правіламі і інструкцыямі, служыць дзеля таго, каб НДА не маглі нармальна выконваць свае дазволеныя законам функцыі. У выніку, сёньняшняя сістэма накіраваная на аказаньне ціску на беларускіх праваабаронцаў.
Уплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя заклікала выказаць салідарнасьць і падтрымку беларускім праваабарончым арганізацыям – Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, Беларускаму Хельсінкскаму камітэту, які атрымаў папярэджаньне па надуманых прычынах, зачыненай Мінскім гарадзкім судом арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву”.
“Міжнародная амністыя” лічыць, што закрыцьцё праваабарончых арганізацыяў супярэчыць міжнароднаму заканадаўству і нормам у сферы правоў чалавека.
“Прыміце меры! – заклікае “Міжнародная амністыя” міжнародную супольнасьць. – Пастарайцеся неадкладна накіраваць тэлеграмы, факсы ці лісты па электроннай пошце на рускай ці на роднай мове Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Міністру юстыцыі, Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а таксама Генеральнаму пракурору, міністру замежных справаў і дыпламатычным прадстаўнікам Беларусі ў Вашых краінах”.
Дадатковая інфармацыя зьмешчаная на сайце “Міжнароднай амністыі” http://amnesty.org.ru/rus/blr-102003-action-rus