viasna on patreon

Яшчэ два штрафы – за расцяжку "БХД"

2015 2015-05-28T18:37:19+0300 2015-06-01T13:23:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bhd-rasciazka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Зміцер Дзякаў паведаміў, што следам за ім яшчэ два чалавекі аштрафаваныя за расцяжку, вывешаную 19 траўня ў Наваполацку. Прычым абодва ягоныя сябры не маюць да інцыдэнту ніякага дачынення.

Зміцер Дзякаў быў затрыманы 19 траўня неўзабаве пасля таго, як вывесіў на агароджы сквера расцяжку з літарамі "БХД". Разам з ім былі затрыманыя ягоныя сябры, хлопец і дзяўчына. Усе трое сустрэліся пазней, і проста прагульваліся па горадзе, калі да іх падышлі міліцыянты. У той самы дзень Змітра Дзякава аштрафавалі паводле адміністрацыйнага артыкула 21.14, часткі 1 за парушэнне "Правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь". Пастанову пра штраф памерам 20 базавых велічынь (3 мільёны 600 тысяч рублёў) вынес начальнік Наваполацкага гарадскога аддзела міліцыі Дзмітрый Рэзянкоў.
Актывіст быў упэўнены, што затрыманых разам з ім сяброў проста дапыталі ў якасці сведкаў. Але неўзабаве высветлілася, што іх таксама аштрафавалі паводле таго самага артыкула. Штраф памерам 10 базавых велічынь быў накладзены на студэнтку Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая не хоча, каб яе імя называлі ў СМІ. Штраф памерам 10 базавых велічынь мусіць заплаціць таксама Яўген Бялянка. Хлопец з дзяўчынай прызнаныя "саўдзельнікамі" актывіста толькі за тое, што іх зафіксавала разам камера назірання ў інтэрнаце ўніверсітэту, дзе вучыцца Зміцер Дзякаў.

"Яны атрымалі штрафы толькі за тое, што выйшлі з інтэрнату амаль у той самы час, што і я. І знаходзіліся са мною ў момант затрымання. Начальнік аддзелу ўнутраных спраў з гэтага зрабіў выснову, што яны супольна са мной размясцілі расцяжку. Праз гэта на іх наклалі адміністрацыйнае спагнанне. Што яшчэ дзівіць: у пастанове пра мой штраф напісана, што я дзейнічаў адзін. А ў пастановах маіх сяброў пазначана, нібыта мы вывешвалі расцяжку ўтрох", -- гаворыць Зміцер.

Не зразумела, на якой падставе, але палкоўнік міліцыі Разянкоў палічыў, што Зміцер Дзякаў вінаваты ў большай ступені, а ягоныя спадарожнікі – у меншай, таму наклаў на іх штрафы меншага памеру. Аднак яны не згодныя з пастановай пра штраф і аспрэчваюць свой удзел у аднаасобнай акцыі Змітра Дзякава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства