Рыгор Кастусёў накіраваў наглядную скаргу ў Вярхоўны суд
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 27 траўня накіраваў наглядную скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суда РБ.
Палітык просіць старшыню Вярхоўнага суда адмяніць пастанову суда Шклоўскага раёна ад 23 снежня 2014 года аб пакаранні яго штрафам у памеры 25 базавых велічынь за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года, і пастанову суддзі Магілёўскага абласнога суда Мікалая Гладкага ад 3 лютага 2015 года, згодна з якой пастанова суда Шклоўскага раёна была пакінута без зменаў.
Таксама Рыгор Кастусёў звяртаецца з просьбай у Вярхоўны суд вынесці прыватнае вызначэнне на адрас суддзяў Святланы Баранцавай, Мікалая Гладкага і Ігара Прошкі за дапушчаныя відавочныя парушэнні заканадаўства.
Намеснік старшыні Партыі БНФ лічыць, што суддзямі Баранцавай, Гладкім і Прошкам былі груба парушаны яго правы, прадугледжаныя арт. 33, 34, 35 Канстытуцыі РБ і арт. 19, 21 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Нагадаем, што 23 снежня 2014 г. суддзя суда Шклоўскага раёна Святлана Баранцава пакарала штрафам у памеры 25 базавых велічынь (тры мільёны семсот пяцьдзясят тысяч рублёў) намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва за ўдзел у адзначэнні Дня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года.
3 лютага 2015 г. суддзя Магілёўскага аблсуда Мікалай Гладкі адмовіў Рыгору Кастусёву ў задавальненні касацыйнай скаргі на прысуд суда Шклоўскага раёна аб пакаранні яго штрафам у памеры 25 базавых велічынь.
17 красавіка 2015 г. Рыгор Кастусёў атрымаў адказ на сваю наглядную скаргу на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда Ігара Прошкі, у якім той паведаміў палітыку, што “адміністрацыйнае спагнанне накладзена з улікам характару здзейсненага правапарушэння, усіх абставін і дадзеных, якія характырызуюць вас як асобу”. Старшыня Магілёўскага абласнога суда Ігар Прошка не знайшоў падставаў для адмены пастановы суда Шклоўскага раёна аб пакаранні штрафам Рыгора Кастусёва, а таксама пастановы суддзі Магілёўскага абласнога суда Мікалая Гладкага, які пакінуў гэтую пастанову без зменаў.
У Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года адбылося традыцыйнае ўшаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, удзел у якім прынялі грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі. На мерапрыемстве прысутнічаў і Рыгор Кастусёў. Увесь час на мерапрыемстве ад могілак у Свіслачы да сканчэння мерапрыемства ў Якушоўцы прысутнічалі людзі ў цывільным, і міліцэйскі аператар усё фіксаваў на камеру. Цэлы шэраг удзельнікаў адзначэння Дня памяці ў Свіслачы былі пакараныя вялікімі штрафамі.