viasna on patreon

Доступ да правасуддзя - не толькі доступ да суду

2015 2015-05-26T13:58:25+0300 2015-05-26T14:21:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dostup_da_pravasuddzia2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з сацыяльных сетак

Фота з сацыяльных сетак

25 мая таварыствам "Зялёная сетка" быў арганізаваны круглы стол "Доступ да правасуддзя па экалагічных справах у Беларусі".

Мерапрыемства складалася з трох прэзентацый і дыскусійнай часткі. За дзве гадзіны былі ўзняты пытанні: дасудовай і судовай абароны экалагічных правоў, разгледжаны вядомыя кейсы судовых разглядаў і праблемы, якія ўзнікалі ў працэсе адстойвання грамадскіх інтарэсаў, узнята пытанне значнасці Орхускай канвенцыі і практыка яе прымянення ў Беларусі.

Так, падчас першай прэзентацыі дацэнт кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ Алена Лаеўская распавяла аб праведзеным даследаванні перашкод у доступе грамадскасці да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя, у краінах Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі.

Даследаванні праводзіліся ў 2012-2013 гг. у 12 краінах з розным узроўнем правапрыменяльнага вопыту. Так, можна адзначыць, што ў некаторых краінах ужо ёсць вопыт судовых разглядаў па пытаннях экалагічных правоў (Расія, Украіна), у некаторых краінах такой практыкі наогул няма (Таджыкістан, Узбекістан). Беларусь жа можна аднесці да 3-га ўзроўню краін, дзе няма ніякай статыстыкі колькасці судовых спраў у гэтай галіне.

Акрамя таго, дакладчык акцэнтавала ўвагу на агульных праблемах для ўсіх краін, з якіх можна адзначыць:

  • вузкая працэсуальная праваздольнасць грамадскасці (калі гэта іх тычыцца наўпрост);
  • "незалежнасць", "бесстароннасць" несудовых органаў з'яўляецца праблемай;
  • складанасці ў абскарджанні рашэнняў, якія зацвярджаюцца нарматыўнымі прававымі актамі (Прэзідэнтам, Урадам);
  • слабыя магчымасці атрымаць кваліфікаваную прававую і экспертную дапамогу;
  • недастатковая дасведчанасць суддзяў аб заканадаўстве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Таксама існуюць праблемы сродкаў прававой абароны ў адміністрацыйным і судовым парадках. Напрыклад, у шэрагу краін у суд можна звярнуцца толькі пасля разгляду скаргі ў адміністрацыйным парадку, у тым ліку ў Беларусі, а ў большасці краін заканадаўства не прадугледжвае права грамадскасці на зварот у суд у выпадку парушэння заканадаўства, калі гэта прама не закранае правы/законныя інтарэсы фізічнай асобы або недзяржаўных арганізацый.

Рашэнне многіх сённяшніх праблем бачыцца ў стварэнні незалежных экалагічных органаў, адміністрацыйных судоў, а таксама прафесійнай падрыхтоўцы кадраў, пры гэтым на ўсіх узроўнях: ад студэнтаў да дзеючых адвакатаў, пракурораў, суддзяў.

У наступным выступе юрыст таварыства «Зялёная сетка» Сяргей Магонаў прадставіў агляд судовай практыка па справах грамадскай цікавасці ў Беларусі за перыяд з 2010 па 2014 гг. Таксама, ён прэзентаваў выдадзены «Зялёнай сеткай» і «Экадомам» дапаможнік «Судовая абарона правоў грамадзян у Беларусі: грамадства, закон, экалогія». Распавёў пра катэгорыі спраў па абароне экалагічных правоў, і адзначыў, што ў дадзены момант такіх спраў няштам, ўсе яны носяць стратэгічны характар. Але для таго, каб грамадскасць шырока выкарыстоўвала вопыт эколагаў і эколагаў-праваабаронцаў неабходна шырокае ўзаемадзеянне са СМІ.

У трэцяй прэзентацыі кіраўнік Орхускага цэнтра ў Беларусі Вольга Захарава прадставіла вопыт удзелу Орхускага цэнтра Рэспублікі Беларусь у рэалізацыі артыкула 9 Орхускай канвенцыі «Доступ да правасуддзя». Яна адзначыла ролю Орхускага цэнтра ў адстойванні экалагічных правоў у Беларусі, а таксама абавязковасць выканання ўсіх палажэнняў Орхускай канвенцыі, якую Беларусь ратыфікавала.

У сваю чаргу, прысутная на мерапрыемстве прадстаўніца ад Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя адзначыла:

“На сённяшні дзень ні ў дзяржаўных органаў, ні ў судоў няма разумення значнасці Орхускай канвенцыі, тых адносінаў, якое павінна быць да яе ў Рэспублікі Беларусь. Сёння Мінпрыроды падымае пытанні аховы навакольнага асяроддзя, актыўна кажа аб зялёнай эканоміцы, распрацавана стратэгія яе развіцця. Запланавана шмат семінараў, але паўстае пытанне, хто з суддзяў прыйдзе на іх. Аднак, трэба працаваць і павышаць узровень адукаванасці як нашых суддзяў, так і нашых адвакатаў. Шмат у чым, вынесеныя сёння заўвагі - гэта вынік няведання Орхускай канвенцыі, нацыянальнага законадательства. Таму трэба працаваць па ўсіх напрамках”.

Усе ўдзельнікі адзначылі важнасць доступу грамадскіх арганізацый і фізічных асоб да правасуддзя па пытаннях адстойвання экалагічных правоў. А таксама, што доступ да правасуддзя - гэта не толькі доступ да суду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства