viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Што такое сацпрымітывізм і як з ім змагацца

2015 2015-05-15T15:59:00+0300 2015-05-15T16:17:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lekary.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кароткае апісанне асноўных сімтомаў і парады па самалячэнні

Назіраючы апошнім часам нашую штодзённасць, я ўсё болей і болей прыходжу да высновы, што адсутнасць канкурэнтнай палітычнай барацьбы ў краіне спараджае бульбалізацыю галаўнога мозга сярод шырокіх колаў насельніцтва.

Асабліва дадзенаму захворванню падвяргаюцца прадстаўнікі дзяржаўнай улады, ў якіх на фоне 20-гадовага працякання дадзенае захворванне выклікала прыступы крытынізму (асабліва небяспечныя формы на фоне адсутнасці крытыкі) і сацыяльнага прымітывізму (скарочана - сацпрымітывізм). Усе гэтыя сімптомы, якія мы назіраем апошнім часам, носяць асабліва цяжкія формы пры ўскладненнях і пагаршэннях эканамічных паказнікаў і агульнага зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

Сацпрымітывізм – хвароба заразная, перадаецца як паветра-кропельным (у асноўным праз дзяржаўныя СМІ), так і палавым шляхамі (праз дэкрэты і ўказы).

Асноўнымі прыкметамі прыступу сацпрымітывізму з’яўляюцца: трызненні, банальшчына ў выказваннях, закарэласць мыслення і агульная разумовая абмежаванасць (блізкая да непісьменнасці і невуцтва), бытавое хамства і безгустоўшчына.

На фоне прыступа ў хворых могуць з’яўляцца трызненні аб неабходнасці рэгістрацыі габраяў, аб пагрозах сацыяльнага ўтрыманства. У прыступе сацпрымітывізму асобы вельмі часта гавораць і апелююць да ўзаемавыключальных паняццяў і прынцыпаў. Так, да прыкладу, у прыпадку хворы можа сцвярджаць, што Беларусь не з’яўляецца часткай “рускага міру” і адначасова казаць, што “мы з рускімі адзін народ”. 

У некаторых падвержаных прыступу могуць з’явіцца навязлівыя жаданні кантралявання глабальнай сеткі Інтэрнэт, няўтрымныя жаданні аб тым, каб крытыка ўлады ў СМІ насіла выключна канструктыўны характар. Пры гэтым сам хворы схільны разглядаць любую крытыку як прагрозу нацыянальнай і дзяржаўнай бяспецы.

У некаторых хворых могуць з’яўляцца дадактовыя фобіі, сэксуальныя дэвіацыі і перверсіі. Назіраліся выпадкі, калі хворы патрабаваў затрымліваць усіх, хто фатаграфуецца на фоне будынкаў вакзалаў, раённых аддзяленняў міліцыі і адміністрацый. Хвораму ўяляліся сцэны сэксуальнага гвалту над будынкамі дзяржаўнай улады, сцэны іх дыскрэдытацыі шляхам фатаграфання на іх фоне палавых органаў, назіраецца фэтышызм да савецкай вайсковай і міліцэйскай вопраткі.

Асабліва буйнымі хворыя на сацпрымітывізм робяцца ў перыяды электаральных кампаній, пры гэтым імкнуцца заразіць сваім брэдам як мага больш шырокія колы грамадскасці, схіляючы грамадзян да ўдзелу ў выбарах з загадзя вызначаным вынікам і пераможцам.

Змагацца з сацпрымітывізмам складана. Дзеля гэтага часта патрабуецца медыцынскае ўмяшальніцтва і магчыма поўная ампутацыя і дэмантаж звыклых застойных форм у арганізме. Галоўны рэцэпт пазбаўлення ад сацпрымітывізму - наяўнасць шырокага грамадска-палітычнага плюралізму, публічнага канкурэнтнага палітычнага працэсу, галоснасць у незалежных СМІ і магчымасць абрання ўлады грамадзянамі на дэмакратычных і справядлівых выбарах.

У выпадку недаступнасці ў аптэках горада дадзеных медыкаментаў, у мэтах прафілактыкі захворвання рэкамендуецца: не глядзець ТВ-праграмы расійскай і айчыннай вытворчасці, карыстацца надзейнымі фільтрамі ўспрыняцця афіцыёзнай інфармацыі і іншымі сродкамі кантрацэпцыі, не прымаць удзел у ідэалагічных дзяржаўных мерапрыемствах (асабліва важна для непаўнагадовых і малагадовых з аслабленым ідэалагічным імунітэтам!). Асабліва ўражлівым рэкамендуецца, па магчымасці, пакінуць зону заражоннасці і выехаць у небяспечнае для псіхікі месца.

Поспехаў вам у самалячэнні, шаноўныя сябры. Беражыце сабе!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства