Незалежная журналістка Тамара Шчапёткіна пакарана штрафам у 40 базавых велічынь
Суддзя суда Ленінскага раёна Брэста Святаслаў Каліна прыняў рашэнне пакараць незалежную журналістку Тамару Шчапёткіну штрафам у памеры 40 базавых велічынь па абвінавачанні ў парушэнні арт. 22.9, ч. 2 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) за нібыта падрыхтоўку матэрыяла для замежнага СМІ (Беларускае Радыё Рацыя) без акрэдытацыі. У пратаколе адміністрацыйнага правапарушэння ўказвалася, што 8 студзеня 2015 года Т. Шчапёткіна, не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста на тэрыторыі РБ, узяла інтэрв’ю ў супрацоўніка міліцыі ДПС АДАІ Брэсцкага РАУС Сяргея Неліповіча. Інтэрв’ю было размешчана ў сетцы Інтэрнэт на сайце польскай радыёстанцыі “Радыё Рацыя”. Трое сведак у судзе сцвярджалі, што Шчапёткіна 8 студзеня не падыходзіла да Сяргея Неліповіча. У студзені таксама не было новага інтэрв’ю ці нават каментара Неліповіча на сайце Беларускага Радыё Рацыя, быў толькі ягоны каментар ад 19 лістапада 2014 года пра тое, як моцна яго збіў фермер з Маларыцкага раёна Бяльчук.
Суддзя Каліна адхіліў хадайніцтва адваката журналісткі Яўгена Алесіка праглядзець на сайце Радыё Рацыя матэр’ялы пра Неліповіча, сказаўшы, што ў справе дастаткова выпісак з даследаванняў.
Тамара Шчапёткіна лічыць рашэнне суда незаконным і збіраецца яго абскарджваць.