Бярозаўскія праваабаронцы абскарджваюць у судзе забарону пікета да Дня Волі
Бярозаўскія праваабаронцы накіравалі адпаведную заяву ў суд Бярозаўскага раёна. Яны лічаць прычыну адмовы Бярозаўскім райвыканкамам у правядзенні пікета 25 сакавіка – надуманай. Адмова падпісана намеснікамстаршыні райвыканкама Яўгенам Тарасюком. Праваабаронцы адназначна нязгодныя з тым, што мэты пікета: адзначэнне чарговай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі і патрабаванне вызвалення палітвязняў распальваюць нацыянальную варожасць.
- У заяве не ўзгадваецца ніводная краіна, ніводная нацыянальнасць. Немагчыма патлумачыць, у чым бярозаўскія ідэолагі ўбачылі распальванне нацыянальнай варожасці, -- адзначае адзін з заяўнікаў пікета Сяржук Русецкі.
На думку праваабаронцаў, ёсць усе падставы выйграць суд, калі ён будзе бесстароннім і накіраваным на выкананне закона, а не палітычнай замовы.