viasna on patreon

Брэст: гарвыканкам раіць шукаць інфармацыю аб дзейнасці органаў самакіравання ў Інтэрнэце (дакумент)

2015 2015-04-19T20:27:57+0300 2015-04-19T20:27:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chyny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Такая сутнасць адказу на зварот актывістаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і кампаніі “Гавары праўду” да органаў мясцовай улады ў Брэсце. Аўтары звароту выказалі жаданне прыняць удзел у працы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і зрабіць іх працу больш эфектыўнай.

“Мы атрымлівалі розныя цікавыя адказы ад органаў улады, але такога яшчэ не было: шукаць інфармацыю на свой зварот у Інтэрнэце”, - паведаміў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі. Паводле яго слоў, многія партыйныя і грамадскія актывісты гатовыя далучыцца да органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і зрабіць іх працу больш эфектыўнай на карысць жыхароў горада. Бо, у адпаведнасці з заканадаўствам, тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне ёсць дзейнасцю грамадзян на добраахвотнай аснове па месцы іх жыхарства на частцы тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі (тэрыторыі мікрараёнаў, жыллёвых комплексаў, кварталаў, вуліц, двароў і гэтак далей). Але для гэтага трэба ведаць дзе, знаходзяцца калегіяльныя органы грамадскага самакіравання, і мець кантактных дадзеных іх кіраўнікоў. Аднак у лісце з гарвыканкама адпаведных звестак няма.

Больш за тое, як заўважае Ігар Маслоўскі, зварот быў накіраваны ў розныя органы ўлады - Брэсцкі гарвыканкам і гарадскі савет дэптатаў. Адказ быў атрыманы толькі за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Мікалая Якубоўскага, які адначасова бярэ на сябе паўнамоцтвы агучыць пункт погляду і выканаўчай, і прадстаўнічай улады. “У юрыспрудэнцыі такое магчыма толькі ў адным выпадку, калі суб'ект (у дадзеным выпадку – гарсавет дэпутатаў) прызнаецца недзеяздольным”, - лічыць Маслоўскі і адзначае, што ў іншым выпадку чыноўнікі гарвыканкама парушылі нормы справаводства, заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама шэраг іншых законаў і Канстытуцыю РБ. Акрамя таго, аўтары звароту маюць намер абскардзіць гэты парадаксальны адказ, які заклікае шукаць усе звесткі пра тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне ў Інтэрнэце.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства