УУС Магілёўскага аблвыканкама фальсіфікацыю дакументаў участковым лічыць “няўважлівасцю”
Жыхар Крычава Мікалай Федарэнка 17 красавіка атрымаў адказ на сваю скаргу ў УУС Магілёўскага аблвыканкама на незаконныя дзеянні ўчастковага інспектара міліцыі Крычаўскага РАУС старэйшага лейтэнанта міліцыі Краўцова В. П. і на ліст № Ф-1 ад 13.03.2015 г. ЧВАП начальніка Крычаўскага РАУС Свістунова А. В..
Часова выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Магілёўскага аблвыканкама А. П. Васільеў паведаміў Мікалаю Федарэнку, што вывучэнне матэрыялаў службовай праверкі паказала, што ўказываемыя ім абставіны фальсіфікацыі тлумачэнняў участковым Краўцовым нічым, акрамя паказанняў Федарэнкі, не пацвярджаюцца.
“У дадзены час вывучыць запісы ў журнале наведвальнікаў Крычаўскага РАУС за 2014 год не прадстаўляецца магчымым у сувязі з тым, што дадзены журнал знішчаны”, - паведамляе А. Васільеў.
Згодна тлумачэнняў участковага інспектара Краўцова, недакладныя запісы ў тлумачэнні сп. Федарэнкі ён зрабіў з яго ўласных словаў, па сваёй няўважлівасці. За праяўленую “няўважлівасць” участковы Краўцоў быў прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці.
Адносна патрабавання спадара Федарэнкі правесці экспертызу почырка яго быццам бы яго роспісу пад тлумачальнай запіскай А. П. Васільеў паведамляе Мікалаю Федарэнку, што, згодна патрабаванняў КПК РБ, гэта адносіцца да выключнай кампетэнцыі следчых органаў, таму яго зварот перанакіраваны ў Крычаўскі раённы аддзел Следчага камітэта.
У адказе А. П. Васільеў таксама піша, што рашэнне, прынятае па яго звароту, спадар Федарэнка можа абскардзіць у МУС РБ.
Мікалай Федарэнка кажа, што зараз ён будзе кансультавацца з праваабаронцамі, а пазней планаваць свае далейшыя дзеянні.
Нагадаем, што Мікалай Федарэнка скардзіўся на тое, што старэйшы лейтэнант Краўцоў без яго ведама склаў ад яго імя фіктыўнае тлумачэнне ад 22.03.2014 г. па грамадзянскай справе. Таксама пад гэтым фіктыўным тлумачэннем быў зроблены запіс “з маіх слоў запісана дакладна” і падроблены подпіс спадара Федарэнкі невядомай асобай, бо сам Мікалай Федарэнка сцвярджае, што 22.03.2014 г. наогул ні з якімі супрацоўнікамі Крычаўскага РАУС, у тым ліку і са старэйшым лейтэнатам Краўцовым, не сустракаўся, яго наогул не выклікалі ў Крычаўскі РАУС ні ў гэты, ні ў іншыя дні, што можна праверыць па кнізе наведнікаў Крычаўскага РАУС.
Спадар Федарэнка таксама сцвярджае, што ў напісанай быццам бы з яго слоў тлумачальнай утрымліваецца вельмі шмат недакладных звестак, якія ён не мог сказаць і, тым больш, падпісаць. Ён лічыць, што дзеянні ўчастковага інспектара Краўцова падпадаюць пад арт. 427 КК (службовая падробка).
Адпаведную скаргу на дзеянні старэйшага лейтэнанта Краўцова Мікалай Федарэнка раней накіроўваў на імя пракурора Магілёўскай вобласці. Ён прасіў правесці праверку па ўказаных ім фактах парушэнняў заканадаўства, і пры іх пацвярджэнні прыцягнуць участковага інспектара Краўцова В. П. да крымінальнай адказнасці згодна закону, а таксама даць яму пісьмовы адказ ва ўстаноўленыя законам тэрміны. Аднак пракурор Магілёўскай вобласці перанакіраваў яго скаргу для разбіральніцтва ў УУС Магілёўскага аблвыканкама, якое, у сваю чаргу, перанакіравала яе начальніку Крычаўскага РАУС.
Часова выконваючы абавязкі начальніка Крычаўскага РАУС А. Свістуноў у сваім адказе фактычна адмовіў спадару Федарэнка ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах участковага інспектара Віталія Краўцова ў парушэнне ч. 1 арт. 178 КПК не пастановай, а сваім унутраным супярэчлівым лістом № Ф-1 ад 13.03.2015 г., у якім паведаміў, што “Па выніках праверкі выкладзеныя ў скарзе довады не знайшлі пацверджання”. Аднак у той жа час у лісце А. Свістунова было ўказана, што “За недобрасумленнае выкананне службовых абавязкаў участковы інспектар міліцыі Краўцоў В. П. прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці”.