Праваабаронцы заклікаюць прадстаўнікоў міжурадавых арганізацый наведаць Мікалая Статкевіча
Сёння, 16 красавіка 2015 года Цэнтр прававой трансфармацыі і Праваабарончы цэнтр "Вясна" перадалі амбасадару, кіраўніку прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Майры Мора тэрміновы зварот у сувязі з узмацніўшымся ціскам ў дачыненні да Мікалая Статкевіча.
Раней, 8 красавіка 2015 г Цэнтр прававой трансфармацыі і Праваабарончы цэнтр "Вясна" адправілі на адрас Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь і адміністрацыі папраўчай калоніі №17 зварот па факце узмацніўшагася ціску на Мікалая Статкевіча з патрабаваннямі спыніць адміністрацыйны ціск, адмяніць незаконныя спагнання, дапусціць прадстаўніка Еўрапейскага саюза і прадстаўніка ААН У Рэспубліцы Беларусь з мэтай праверкі ўмоў утрымання і фактаў ціску. Праз тыдзень стала вядома, што М.Статкевіча чакае суд, па выніках якога яго, як мяркуецца, перавядуць з папраўчай калоніі ў турму.
У сувязі з гэтымі абставінамі, праваабаронцы перакананыя ў неабходнасці экстраных дзеянняў з боку Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза і Прадстаўніцтва ААН і настойліва просяць:
1. У тэрміновым парадку наведаць Мікалая Статкевіча для ўласнай ацэнкі ўмоў утрымання і праверкі інфармацыі пра факты ціску ў дачыненні да яго;
2. Забяспечыць прысутнасць прадстаўніка Еўрапейскага Саюза і прадстаўніка ААН у Рэспубліцы Беларусь у судовым пасяджэнні ў дачыненні да Мікалая Статкевіча з мэтай самастойнага маніторынгу судовага працэсу.
Нагадаем, Мікалай Статкевіч, кандыдат у прэзідэнты, асуджаны на 6 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Сваёй віны Мікалай Статкевіч не прызнаў. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Мікалая Статкевіча вязнем сумлення.
Цэнтр прававой трансфармацыі