16 кастрычніка ўвечары ў офiс ваўкавыскага “Радыётаксi 22222”, дзе галадаюць 13 таксiсаў, выклiкалi “хуткую”. Кепска стала Мiкалаю Аўтуховiчу, якi ўжо шостыя суткi не прымае ежу.
- У мяне пажаўцела скура, вочы, - распавёў iндывiдуальны прадпрымальнiк. – Мяне завезлi ў раённы шпiталь, дзе зрабiлi аналiзы i зноў прапанавалi легчы “пад капельнiцу”. Аднак я ўжо неаднойчы казаў, што буду галадаць толькi ў сваiм офiсе.
Мiкалай Аўтуховiч лiчыць, што такая рэакцыя арганiзма – гэта наступствы двух перанесеных iм гепатытаў, адным з якiх ён хварэў у Афганiстане. Прадпрымальнiк паведамiў, што дактары зноў хацелi ўзяць з галадоўшчыка распiску ў тым, што ён адмаўляецца ад шпiталiзацыi. Аднак Аўтуховiч нiчога падпiсваць не стаў.
Пакуль прадпрымальнiк быў у шпiталi, на нумар радыётаксi затэлефанаваў мэр Ваўкавыска, Мiхаiл Савельеў.
- Я ператэлефанаваў яму пасля вяртання ў офiс, мы пагутарылi “пра жыццё” хвiлiн 20, - распавёў Мiкалай Аўтуховiч. – У вынiку мэр паабяцаў заўтра зранку выставiць мне ў пiсьмовай форме ўльтыматум з ўмовамi, выканаўшыя якiя я нiбыта змагу атрымаць назад свае машыны.
Тымчасам супрацоўнiкi Гродзенскай абласнай падаткавай iнспекцыя, якiя праводзяць праверку дзейнасцi прадпрымальнiка, i па вынiках якой былi арыштаваныя 13 таксовак Мiкалая Аўтуховiча, наведалiся сёння ў офiс “Радыётаксi 22222”. Па словах галадоўшчыкаў, двух iнспектароў з Гродна суправаджалi два лейтэнанта мiлiцыi. З 14 да 17.30 “падаткавiкi” правяралi дакуманты прадпрымальнiка.
Юлiя Дарашкевiч
pahonia.promedia.by