Праваабаронца настойвае, каб кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі даў ацэнку дзейнасці віцебскай міліцыі
Павел Левінаў накіраваў ужо другі ліст Аляксандру Косінцу. Гаворка ў ягоным звароце ідзе пра канкрэтны выпадак – фотасесію "з клеткамі і птушкамі", удзельнікаў якой абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні.
Паводле праваабаронцы, першы ліст да кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі, якім цяпер з'яўляецца былы старшыня Віцебскага аблвыканкаму, быў накіраваны яшчэ ў лютым. Але адказу ад Аляксандра Косінца так і не было, кажа Павел Левіанаў:
"Я апеляваў да пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі, які быў незадаволены тым, што міліцыя рэпрэсуе грамадзян, калі яны не здзейсняюць аніякага правапарушэння. У прыватнасці, прагучала выказванне, што такія дзеянні шкодзяць уладам, зніжаюць яе аўтарытэт у грамадстве. Пасля гэтага быў спынены, у прыватнасці, пераслед А.Лябедзькі, які выйшаў з плакатам ушанаваць памяць загінулых французкіх карыкатурыстаў. Я ж прывёў у прыклад фотасесію каля будынка з графіці. Актывісты і журналісты сфатаграфаваліся на гэтым фоне, паўтарыўшы малюнак – з папяровымі птушкамі і клеткамі. Яны не заміналі мінакам, на стваралі ніякай небяспекі. Ніхто на іх не скардзіўся, і ўвогуле міліцыя даведалася пра фотасесію толькі з інтэрнэту – калі там з'явіліся фотаздымкі. Тады па ўказанні вышэйшага кіраўніцтва супрацоўнік Чыгуначнага РАУС Аляксандр Рыбакоў "разабраўся" з удзельнікамі – склаў на 7 чалавек пратаколы пра несанкцыянаванае пікетаванне".
Даць ацэнку гэтай сітуацыі і прасіў Павел Левінаў, звяртаючыся да дзяржаўнага чыноўніка. Але адказ прыйшоў зусім не ад яго, гаворыць праваабаронца:
"Спачатку прыйшло паведамленне, што намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў К.Побаль перанакіраваў мой ліст у гарвыканкам з даручэннем паведаміць мне пра вынікі. Але намеснік старшыні Уладзімір Шлома, які на дадзены момант ужо не працуе на гэтай пасадзе, напісаў, што "у кампетэнцы. Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта ацэнка дзейнасці праваахоўных органаў не ўваходзіць". Што ж мне, як грамадзяніну, застаецца думаць? Толькі тое, што з Мінску мой ліст перанакіравалі абы-куды, ці што спадар Шлома праігнараваў даручэнне прэзідэнцкай адміністрацыі".
Не дачакаўшыся адэкватнай рэакцыі, Павел Левінаў паўторна напісаў ліст Аляксандру Косінцу. Ён лічыць, што сітуацыя з фотасесіяй, за якую пакаралі штрафамі і "суткамі" 7 чалавек, дыскрэдытуе і віцебскую міліцыю, і мясцовыя ўлады. Бо ў судзе ўдзельнікам было заяўлена, што яны вінаватыя ў тым, што выйшлі фатаграфавацца, не парарасіўшы дазволу ў раённай адміністрацыі. І ў тым, што фотаздымкі нібыта служаць доказам іх палітычных меркаванняў.
Наступствы фотасесіі сталі прычынай для абурэння шырокай грамадскасці – як у Беларусі, так і за яе межамі. З прафесійнай салідарнасці замежныя журналісты паўтарылі кампазіцыю віцебскіх фотаздымкаў – таксама сфатаграфаваліся з папяровымі клеткамі і птушкамі-арыгамі, а яшчэ з плакатамі "Хіба гэта злачынства?"
Павел Левінаў настойвае, каб кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Аляксандр Косінец разабраўся ў сітуацыі, "калі за размешчаны ў інтэрнэце фотаздымак, які не нясе шкоды дзяржаўнай або грамадскай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю і маральнасці насельніцтва, не ўціскае правы і свабоды іншых асоб, грамадзяне падпадаюць пад рэпрэсіі, а аўтарытэту ўлады наносіцца ўрон".