10% жыхароў Кіраўскага раёна пры звароце ў міліцыю сутыкнуліся з грубасцю і бестактоўнасцю
Супрацоўнікі МУС РБ правялі на тэрыторыі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці вывучэнне грамадскага меркавання аб працы аддзела ўнутраных спраў Кіраўскага райвыканкама. Як павядамляе інтэрнэт-сайт раённай газеты “Кіравец”, аб поўным даверы да міліцыі раёна выказаліся толькі 34,7% апытаных мясцовых жыхароў.
Давяраюць кіраўскім міліцыянерам не ў поўнай меры 43,5% апытаных жыхароў Кіраўскага раёна. Гатовыя дапамагчы міліцыі – 56,5% кіраўчан.
Разам з тым, многія жыхары Кіраўскага раёна сутыкнуліся з негатыўнымі з’явамі пры зваротах да мясцовых праваахоўнікаў: 11,5% апытаных адзначаюць, што пры зваротах у міліцыю разбіральніцтва праводзяцца фармальна. Пры зваротах да супрацоўнікаў міліцыі 15% апытаных кіраўчан выказаліся пра іх абыякавасць і пасіўнасць, яшчэ 10% адзначылі іх грубасць і бестактоўнасць.
Вынікі апытання наглядна сведчаць пра тое, што супрацоўнікам РАУС Кіраўскага райвыканкама ёсць над чым працаваць у плане забеспячэння паважлівага стаўлення да шараговых грамадзян, чые правы і грамадскую бяспеку яны і павінны ахоўваць.