Наглядная скарга журналіста Віктара Парфёненкі не задаволена (дакумент)
Гродзенскі журналіст-фрылансер працягвае сваё змаганне за права на прафесію. Так і не атрымаўшы афіцыйнай акрэдытацыі карэспандэнта Беларускага Радыё Рацыя, на якую журналіст без станоўчага выніку з 2009-га году складаў паперы ў МЗС Рэспублікі Беларусі сем разоў, Парфёненка зараз імкнецца дамагчыся афіцыйнай акрэдытацыі праз судовую сістэму. Суд Ленінскага раёну сталіцы Беларусі яшчэ раней пастановай ад 14 лістапада 2014 года адмовіў яму ў пачынанні грамадзянскай справы. Гэтую пазіцыю падтрымала калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда 19 студзеня. Зараз жа журналіст атрымаў адмову ад 2 красавіка на сваю наглядную скаргу.
Старшыня Мінскага гарадсога суда П.І.Каршуновіч лічыць, што суд першай інстанцыі, адмаўляючы ў пачынанні грамадзянскай справы, слушна сыходзіў з таго, што паколькі патрабаванні журналіста вынікаюць з прафесійнай дзейнасці і звязаны з яго працай, то скарга на дзеянні Камісіі МЗС у звязку з адмовай акрэдытацыі пры МЗС не падлягае разгляду ў парадку арт. 365 ГПК.
Пакуль Віктар Парфёненка разбіраецца ў юрыдычных нюансах далейшага абскарджання рашэнняў МЗС і пастановаў судоў. Але ўжо зразумела, што імкненне атрымаць афіцыйную акрэдытацыю журналістам Беларускага Радыё Рацыя пераўтвараецца для фрылансера ў хаджэнне па замкнутым коле.