viasna on patreon

Супраць Міколы Статкевіча могуць завесці чарговую справу

2015 2015-04-06T11:10:40+0300 2015-04-06T11:10:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/statkevich_v.jpg
Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

За апошні тыдзень палітвязню вынеслі шэраг спагнанняў, склалі восем актаў. Як паведаміла жонка Міколы Статкевіча, яго пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, якое планавалася ў красавіку, і харчовай перадачы.

Акрамя таго, Статкевіча на трое содняў змясцілі ў штрафны ізалятар, а 3 красавіка – перавялі на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу.

Паводле слоў жонкі апазіцыйнага палітыка, праблемы з адміністрацыяй у Статкевіча пачаліся адразу пасля пераводу ў шклоўскую калонію з магілёўскай турмы, але пасля таго як 24 сакавіка ён напісаў заяву аб адмове ад працы па самаабслугоўванні (прыбіранне тэрыторыі), націск узмацніўся.

Як растлумачыла Адамовіч, паводле закону такую працу ўсе зняволеныя павінны выконваць па чарзе, прычым не больш як дзве гадзіны на дзень, аднак у дачыненні да Статкевіча гэтыя нормы не дзейнічалі, што ён расцэньвае як узаконены здзек.

Жонка палітыка не выключае, што супраць яго «рыхтуецца новая справа», у выніку чаго Статкевічу могуць або працягнуць тэрмін пакарання (ён заканчваецца ў снежні 2016 года), або зрабіць больш жорсткім рэжым адбывання пакарання – гэта значыць зноў перавесці ў турму. Зрэшты, дадала Адамовіч, адразу пасля пераводу ў шклоўскую калонію Статкевіч прагназаваў, што «доўга тут не затрымаецца».

Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. У маі 2011-га ён быў прыгавораны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Першапачаткова адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбывання пакарання і перавялі ў магілёўскую турму № 4 на тры гады. Пасля заканчэння гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, палітыка вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў дачыненні да яго ў першыя два дні знаходжання склалі два рапарты за парушэнне правілаў унутранага распарадку і на гэтай падставе забаранілі доўгатэрміновае спатканне з роднымі.
Статкевічу неаднаразова прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але 58-гадовы палітык катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць.

 



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства