Amnesty International распачала тэрміновую кампанію з нагоды новага смяротнага прысуду ў Беларусі
Міжнародныя праваабаронцы заклікаюць дасылаць беларускім ўладам звароты з патрабаваннем спыніць запланаваныя смяротныя кары, неадкладна замяніць прысуд Сяргею Іванову і ўсім асуджаным да смяротнага пакарання ў Беларусі.
Amnesty International: Першы ў гэтым годзе смяротны прысуд у Беларусі
18 сакавіка Гомельскі абласны суд прысудзіў 21-гадовага Сяргея Іванова да смяротнага пакарання па справе аб забойстве 19-гадовай дзяўчыны ў жніўні 2013 года. Суд прызнаў яго вінаватым у “здзяйсненні забойства з асаблівай жорсткасцю”, “хуліганстве з ужываннем гвалту”, рабаванні і крадзяжы. Паводле Следчага камітэта, Сяргей Іваноў знаходзіўся пад уздзеяннем алкаголю і псіхатропных прэпаратаў, калі ён жорстка збіў і згвалтаваў жанчыну, якая ў выніку памерла ад шматлікіх ранаў. Сяргей Іваноў таксама быў прызнаны вінаватым у крадзяжы яе маёмасці.
У закрытым судовым паседжанні Сяргей Іваноў быў прадстаўлены прызначаным дзяржавай адвакатам. Ён можа абскардзіць гэтае рашэнне.
Беларусь з'яўляецца апошняй краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая па-ранейшаму прымяняе смяротнае пакаранне.
Калі ласка, неадкладна напішыце на беларускай, рускай або сваёй роднай мове:
- заклікаючы Прэзідэнта Лукашэнку спыніць любыя запланаваныя пакаранні і неадкладна замяніць смяротны прысуд, вынесены ў дачыненні да Сяргея Іванова і ўсіх астатніх асуджаных да смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь;
- заклікаючы яго ўвесці неадкладны мараторый на прымяненне смяротнага пакарання з мэтай яго канчатковай адмены;
- заклікаючы яго забяспечыць, каб актуальная інфармацыя аб прымяненні смяротнага пакарання ў Беларусі з'яўлялася агульнадаступнай і каб сем'і зняволеных і іх адвакаты маглі мець неабмежаваны доступ да іх і інфармацыі аб іх справах.
Калі ласка, дашліце Ваш зварот да 4 траўня 2015 года:
Прэзідэнту
Аляксандру Лукашэнку
вул. Карла Маркса 38
Мінск, Беларусь, 220016
Факс: +375 17226 06 10
+375 17 222 38 72
E-mail: contact@president.gov.by
Зварот: Паважаны Прэзідэнт Лукашэнка
А таксама копіі:
Генеральнаму пракурору
Аляксандру Канюку
вул. Інтэрнацыянальная, 22
Мінск, Беларусь, 220050
Факс: +375 17226 42 52
E-mail: info@prokuratura.gov.by
Зварот: Паважаны Генеральны пракурор
Таксама накіруйце копіі ліста ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў вашай краіне.
Калі ласка, звяжыцеся з прадстаўніцтвам пры адпраўцы звароту пасля названай даты.
Дадатковая інфармацыя
Смяротныя прысуды часта выносяцца ў Беларусі ў выніку несправядлівых судовых разбіральніцтваў, якія ўключаюць у сябе атрыманне прызнання пад прымусам; яны прыводзяцца ў выкананне ў атмасферы строгай сакрэтнасці без апавяшчэння саміх асуджаных, іх сем'яў або законных прадстаўнікоў. Улады адмаўляюцца вяртаць целы пакараных іх сваякам ці нават паведамляць ім, дзе яны пахаваныя. Пакаранні ажыццяўляюцца нягледзячы на заклікі Камітэта ААН па правах чалавека да ўрада не рабіць гэтага да таго часу, пакуль Камітэт не разгледзеў адпаведныя справы. Камітэт па правах чалавека і іншыя структуры выявілі, што ўжыванне смяротнага пакарання ў Беларусі парушае правы асуджаных і членаў іх сем'яў.
Адстунасць поўнай інфармацыі аб прымяненні смяротнага пакарання, у тым ліку поўнай статыстыкі аб колькасці вынесеных смяротных прысудаў і прыведзеных у выкананне пакаранняў смерцю, дазваляе уладам не дапускаць абгрунтаванага грамадскага абмеркавання па гэтым пытанні і запавольваць рух да адмены смяротнага пакарання. Забойства ад імя дзяржавы з'яўляецца адным з самых жорсткіх актаў, які можа здзейсніць урад, і таму вельмі важна, каб гэты від пакарання стаў прадметам грамадскага кантролю і абмеркавання.
Amnesty International выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння. Яно парушае права на жыццё, абвешчанае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэта канчатковае, жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць пакаранне.