viasna on patreon

Грамадскі актывіст з Хоцімска ставіць пытанне аб невыкананні дэпутацкіх абавязкаў Уладзімірам Краўцовым

2015 2015-03-19T19:31:32+0300 2015-03-19T19:31:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kraucou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Краўцоў

Уладзімір Краўцоў

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч падрыхтоўвае скаргі ў ЦВК і Палату прадстаўнікоў наконт таго, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Уладзімір Краўцоў ухіляецца ад выканання сваіх дэпутацкіх абавязкаў і на працягу шэрагу месяцаў не праводзіць прыёмы і сустрэчы з выбаршчыкамі ў сваёй выбарчай акрузе. Таксама грамадскі актывіст адзначае, што ўжо на працягу значнага часу Уладзімір Краўцоў не прыязджае на тэрыторыю сваёй выбарчай акругі і не сустракаецца з выбаршчыкамі, пакідае без рэагавання іх запыты і скаргі.

“Напрыканцы 2013 і напачатку 2014 года я неаднаразова звяртаўся ў розныя інстанцыі з пісьмовымі зваротамі аб неабходнасці арганізацыі і правядзення выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 у сувязі з прызначэннем Краўцова У. В. старшынёй Гродзенскага аблвыканкама, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Я лічу, што сумяшчэнне дзяржаўнай пасады з дэпутацкімі паўнамоцтвамі парушае прынцып паздзялення паўнамоцтваў розных галін улады і не ўлічвае інтарэсы выбаршчыкаў, і што гэта недапушчальна. Тады розныя высокія чыноўнікі мяне запэўнівалі, што прызначэнне старшынёй Гродзенскага аблвыканкама не перашкодзіць спадару Краўцову быць дэпутатам і што “Краўцоў У. В. у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў павінен ажыццяўляць працу з выбаршчыкамі ў формах і парадку, прадугледжаным названым Законам (Законам “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ” – з. р.). Пры гэтым месца жыхарства дэпутата Палаты прадстаўнікоў не з’яўляецца вызначаючым для выканання ім сваіх дэпутацкіх паўнамоцтваў”. Больш за тое, у сакавіку 2014 года я пабываў на прыёме і асабіста сустрэўся з Уладзімірам Краўцовым, і той мяне запэўніў, што зробіць усё магчымае для арганізацыі нармальнай працы ў якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў у сваёй выбарчай акрузе.

Час паказаў, што гэтыя абяцанні былі проста прыгожымі словамі – ужо на працягу шэрагу месяцаў Уладзімір Краўцоў не праводзіць сустрэчы з сваімі выбаршчыкамі ў Хоцімскім раёне, не арганізоўвае прыём грамадзянаў. Фактычна Уладзімір Краўцоў ніякай дэпутацкай працы ў сваёй выбарчай акрузе не вядзе, яму проста не хапае на гэта часу з-за вялікай загружанасці на пасадзе старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Выбаршчыкі ў Крычаўскай выбарчай акрузе №83 фактычна засталіся без уласнага дэпутата. І гэта пытанне патрэбна вырашаць”, - кажа Валерый Каранкевіч.

Журналісты незалежных маланакладных газет “Клімавіцкая інфа-панарама” і “Вольны горад” таксама пацвярджаюць, што Уладзімір Краўцоў вельмі даўно не праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі і прыём грамадзян у Клімавіцкім і Крычаўскіі раёнах.

Нагадаем, што дэпутатат Краўцоў Уладзімір Васільевіч Указам кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ад 14 лістапада 2013 года №509 прызначаны старшынёй Гродзенскага аблвыканкама.

Валерый Каранкевіч быў супернікам Уладзіміра Краўцова на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў па акрузе ў 2012 годзе. Грамадскі актывіст лічыць, што пераезд Уладзіміра Краўцова ў Гродна старшынёй мясцовага аблвыканкама зрабіў немагчымым выкананне шэрагу артыкулаў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” і час пацвердзіў, што зараз Уладзімір Краўцоў сапраўды не можа выконваць абавязкі дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства