Адразу некалькіх журналістаў у Гродне і Брэсце выклікалі ў міліцыю
Тры незалежныя журналісты – Алесь Ляўчук з Брэста, а таксама Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч з Гродна – атрымалі позвы ў міліцыю. Яшчэ аднаго гродзенца Андрэя Мялешку спрабавалі выклікаць па тэлефоне, але ён сказаў, што будзе чакаць афіцыйнай позвы.
Як стала вядома службе маніторынгу ГА “БАЖ”, Алесь Кіркевіч наведаў Ленінскае РУУС Гродна 17 сакавіка, Алесь Дзянісаў – раніцай 18 сакавіка. Як высветлілася, міліцыя праводзіць праверку паводле звароту КДБ. Правяраецца факт парушэння арт. 22.9 ч.2 КаАП – “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”.
Падставай для праверкі стаў размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат” відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Паводле журналістаў, у матэрыялах праверкі ёсць скрыншоты з сайта. Таксама з іх вынікае, што супрацоўніцу музея Галіну Хімко, якая фігуруе ў сюжэце, выклікалі на гутарку ў КДБ і ў міліцыю для апазнання журналістаў па фотаздымках.
“Пакуль што з нас бралі тлумачэнні. Відаць, па выніках праверкі міліцыя вырашыць, ці заводзіць справу. Але мне сказалі чакаць позвы – магчыма, для складання пратаколу”, – зазначыў Алесь Дзянісаў у гутарцы са службай маніторынгу ГА “БАЖ”.
“На маю думку, гэта псаванне нерваў журналістам і спосаб для дзяржавы зарабіць з дапамогай штрафаў, – лічыць Алесь Кіркевіч. – Не думаю, што такія захады нешта радыкальна зменяць – проста чэкісцкая руціна...”
Андрэю Мялешку патэлефанавалі ўвечары 17 сакавіка з гродзенскага аддзела міліцыі “Цэнтр” і сказалі, што хочуць “пагутарыць”. Журналіст катэгарычна адмовіўся ісці ў міліцыю без афіцыйнай позвы.
Алесь Ляўчук мае наведаць Маскоўскі раённны аддзел унутраных спраў Брэста 18 сакавіка а 13-й гадзіне. Паводле папярэдняй інфармацыі, на сябра ГА “БАЖ” складзены адміністрацыйны пратакол.
Паводле позвы, якую журналіст атрымаў 17 сакавіка, участковы інспектар Маскоўскага РАУС г. Брэста, капітан міліцыі Раман Трафімук выклікае Алеся Леўчука днем 18 сакавіка у пастарунак на Партызанскім праспекце.