Беларусь: Адзіная зарэгістраваная рэгіянальная праваабарончая арганізацыя пад пагрозай ліквідацыі
Мінск-Парыж-Жэнева
16 сакавіка 2015 г.
17 сакавіка 2015 г. у Магілёўскім абласным судзе пачнецца разгляд пазову Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама аб ліквідацыі адзінай зарэгістраванай рэгіянальнай праваабарончай арганізацыі ў краіне - Магілёўскага праваабарончага цэнтра (МПЦ). Разгляд пазову пройдзе на фоне наступу на праваабаронцаў, які працягваецца з боку беларускіх уладаў.
Магілёўскі праваабарончы цэнтр на працягу 17 гадоў актыўна займаецца праваабарончай дзейнасцю ў Магілёўскай вобласці і на сённяшні дзень з'яўляецца адзінай праваабарончай арганізацыяй, прадстаўнік якой уваходзіць у склад грамадскіх назіральных камісій, якія ажыццяўляюць кантроль за дзейнасцю пенітэнцыярных устаноў. За ўсе гэтыя гады Магілёўскі праваабарончы цэнтр неаднаразова трапляў пад пільную ўвагу мясцовых органаў улады, незадаволеных крытыкай праваабаронцаў у свой адрас.
У верасні мінулага года, Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму падало ў абласны суд пазоў з просьбай прыпыніць на тры месяцы дзейнасць МПЦ у сувязі з адсутнасцю ў таго юрыдычнага адрасу. У пазове ўпраўлення юстыцыі сцвярджалася, што аб'яднанне "не падавала ў вызначаны час дакументы, неабходныя для рэгістрацыі змененаў юрыдычнага адрасу". Супрацоўнікі ўпраўлення юстыцыі сярод парушэнняў адзначалі, што фактычная плошча памяшкання, арандаванага МПЦ, згодна з тэхнічным пашпартам складала не 17, а 17.3 квадратныя метры, і загадалі заснавальнікам арганізацыі ўнесці выпраўленні ў дакументы.
Аднак ужо 1 кастрычніка кіраўніцтва МПЦ заявіла аб заключэнні дамовы на атрыманне новага юрыдычнага адрасу. Таму 4 лістапада Магілёўскі абласны суд вынес рашэнне аб спыненні справы, паколькі адсутнічала падстава для пазову. Аднак 5 снежня 2014 г. дамова арэнды памяшкання, дзе размяшчаўся офіс арганізацыі, была беспадстаўна скасаваная арэндадаўцам у аднабаковым парадку. На гэтай падставе Галоўным упраўленнем юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама Магілёўскаму праваабарончаму цэнтру было вынесена папярэджанне, а пазней была распачатая працэдура ліквідацыі арганізацыі. Варта падкрэсліць, што праблема адсутнасці юрыдычнага адрасу часта з'яўляецца падставай для адмовы ў рэгістрацыі або пазбаўлення рэгістрацыі ў дачыненні да НДА ў Беларусі.
Нашыя арганізацыі расцэньваюць падобныя дзеянні як сур'ёзнае ўмяшальніцтва ўладаў ва ўнутраныя справы НДА і асуджаюць стварэнне штучных бар'ераў у законнай дзейнасці праваабаронцаў, якія парушаюць міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці артыкул 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і абавязацельствы Беларусі перад АБСЕ.
Спроба пазбаўлення рэгістрацыі Магілёўскага праваабарончага цэнтра сведчыць аб працягу палітыкі маргіналізацыі праваабаронцаў у Беларусі шляхам выштурхоўвання іх у нелегальнае поле і пазбаўлення магчымасці паўнавартаснага існавання. Варта нагадаць, што ў Беларусі па-ранейшаму крыміналізаваная дзейнасць незарэгістраваных арганізацый, атрыманне замежнай дапамогі, а праваабаронцы падвяргаюцца пераследу і ціску ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Выдварэнне з Беларусі вядомай праваабаронцы Алены Танкачовай, нядаўні ператрус з канфіскацыяй кампутарнай тэхнікі ў кватэры праваабаронцаў у Магілёве толькі пацвярджаюць гэтую тэндэнцыю.
У сувязі з гэтым, нашыя арганізацыі заклікаюць беларускія ўлады:
- неадкладна пакласці канец ціску на праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі ў Беларусі;
- адклікаць з Магілёўскага абласнога суда пазоў аб ліквідацыі Магілёўскага праваабарончага цэнтра;
- устрымлівацца ад перашкодаў законнай дзейнасці праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый у Беларусі;
- перагледзець нацыянальнае заканадаўства ў сферы свабоды асацыяцыяў і прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і абавязальніцтвамі ў рамках сумесных прынцыпаў свабоды асацыяцыяў АБСЕ / БДІПЧ і Венецыянскай камісіі;
- цалкам выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека.
Кантакты:
ПЦ "Вясна": Алесь Бяляцкі: viasna@spring96.org / + 375 17394 63 11
БХК: Алег Гулак: office@belhelcom.org / + 375 17 222 48 01
FIDH: Артур Манэ / Люсі Крэнінг: presse@fidh.org / +33 1 43 55 25 18
OMCT: Мігель Марцін Сумалакарэгуі: omct@omct.org / +41 22809 49 24