Лабадзенка: Адмовіўся ісці ў міліцыю без позвы — атрымаў пагрозу
Вядомы блогер не пагаджаецца з практыкай, калі грамадзян прымушаюць ездзіць у міліцыю пасля звычайнага званка ад чалавека ў пагонах па мабільным.
Журналіст і блогер Глеб Лабадзенка сутыкнуўся з дзіўнымі метадамі, якімі скарыстаўся міліцыянер з Савецкага РАУС Мінска.
“Мне патэлефанаваў чалавек, паведаміў, што ён з міліцыі і сказаў, каб я прыйшоў да іх на размову. Я, натуральна, запытаўся, з якой прычыны, якая будзе размова. Ён кажа: “Я не магу вам гэтага сказаць. Гэта таямніца следства”, — апавядае Еўрарадыё гэтую гісторыю Лабадзенка.
Суразмоўца паведаміў, што тэлефон журналіста трапіў у зону, дзе было здзейснена злачынства і заявіў пра намер правесці апытанне: “Можа быць, вы што-небудзь бачылі…”. Лабадзенка ў гэтыя дні заняты важнымі сямейнымі і працоўнымі клопатамі, таму прапанаваў выслаць яму афіцыйную позву ці непасрэдна прыехаць да яго і пагутарыць.
“Тады суразмоўца кажа: “Раз вы не хочаце ісці, значыцца, вам ёсць што хаваць. Я ўсіх абзвоньваю і ўсе ідуць. Гэта — адмова супрацоўніцтва са следствам. Я вам прапаноўваў "па-харошаму", а раз вы не хочаце, будзьце гатовы, што да вас прыедуць “у вельмі нязручны ранні час”, каб забраць вас і апытаць”.
Журналіст і блізка не падазравае, пра якое злачынства вялася гаворка, бо калі раней сутыкаўся з парушэннямі закону, тут жа пра іх паведамляў праваахоўнікам. Таксама Лабадзенку здзівіла, што адмова прыехаць без позвы стала падставай, каб яго ў нечым падазраваць. Дзе ж прэзумпцыя невінаватасці? А ў намёках пра прыезд у “нязручны час” блогер бачыць перавышэнне паўнамоцтваў і прамую пагрозу.
“Самы галоўны аргумент быў: усе пагадзіліся прыйсці, а ты тут казлішся. І я лічу, што пра такія рэчы трэба казаць уголас, бо гэта бяспраўе, беззаконне, — лічыць блогер. — Ціснуць на тое, што людзі не ведаюць сваіх правоў і ім можна патэлефанаваць і сказаць “бяжы да нас на іншы канец горада”. Я лічу, што праваахоўнікі абавязаны выконваць тыя нормы, якія самі прыдумалі. А калі міліцыя сапраўды мае права прыехаць і забраць чалавека ва ўпраўленне за тое, што ён адмовіўся без афіцыйнай позвы пасля званка з’явіцца ў кабінет супрацоўніка, то хацелася б, каб гэта пытанне беларусам патлумачылі”.
У прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама Еўрарадыё на момант падрыхтоўкі матэрыяла не змаглі пракаментаваць праблему.
Таму разгортваем “Крымінальна-працэсуальны кодэкс”. Сярод іншага цікавімся, ці сапраўды міліцыя можа законна прыехаць да цябе дадому “ў вельмі нязручны час” (пад гэтым намёкам блогер пабачыў пагрозу забраць яго ўначы). У частцы другой артыкула 192 сказана: “Вытворчасць следчых дзеянняў у начны час не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, якія не церпяць адкладанняў”. Але справа не толькі ў гэтых дробных юрыдычных нюансах. Пятага сакавіка Аляксандр Лукашэнка акрэсліў праблему "фанабэрыстасці і высакамернасці", якую людзі ў пагонах часам дапускаюць у дачыненні да звычайных грамадзян. Не прайшло і тыдня, як аўтарытэтны журналіст непасрэдна сутыкнуўся з нечым падобным.