У Віцебску на грамадскае абмеркаванне пусцяць толькі па пашпарце
Цікава, што яно будзе праходзіць не ў афіцыйным будынку, а проста на вуліцы – каля абласной бібліятэкі імя Леніна. І ўсё адно гарвыканкам папярэджвае: пашпарт або іншае пасведчанне асобы пры сабе мець неабходна.
Што ж такое ўлады збіраюцца абмяркоўваць з гараджанамі, што будзе спраўджваць асабістыя звесткі? Усяго толькі вырубку чатырох дрэваў і некалькіх кустоў каля бібліятэкі. Бо гарвыканкам запланаваў правесці тут "добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі ў межах праграмы «Зялёны горад".
Да "добраўпарадкавання" шляхам знішчэння каштоўных дрэваў каб потым наноў праводзіць "азеляненне" віцябляне ставяцца вельмі негатыўна. Гэтым, відаць, і выкліканы загад мець пры сабе дакументы: гарвыканкам хоча ведаць імёны і прозвішчы незадаволеных.
Асабліва шмат незадавальнення жыхары горада выказалі ў 2009 годзе, калі па загадзе тагачаснага старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца была праведзена рэканструкцыя плошчы Перамогі, падчас якой знішчылі парк з рэдкімі дрэвамі. Некалькі гадоў, пакуль на плошчы вяліся працы, віцябляне папракалі ўлады за ліквідаваную зялёную зону, не забыліся на гэта і да цяперашняга часу, калі ўсю плошчу замасцілі пліткай. А па перыметры пасадзілі туі. Прычым садзілі двойчы, бо з першага разу большасць дрэваў не прыжылася.
Грамадске абмеркаванне многія гараджане ўхваляюць. Але чаму з "пашпартным улікам". Ці адважацца людзі пярэчыць ініцыятыве ўладаў, калі перад тым перапішуць іх прозвішчы? Верагодна, пад пагрозай магчымых наступстваў будуць маўчаць або ўвогуле праігнаруюць імпрэзу.
Усе ранейшыя грамадскія абмеркаванні ў Віцебску праводзіліся "ананімна": людзі проста знаёміліся з праектамі і выказвалі свае свае прапановы. Улады яшчэ ні разу не спрабавалі паімённа адсачыць удзельнікаў і персанальна пракантраляваць іх выказванні.