Рэчыцкія прадпрымальнікі плануюць мітынг перад райвыканкамам за адмену ўказа №222
Рэчыцкія прадпрымальнікі падалі калектыўную заяўку на правядзенне мітынгу за адмену прэзідэнцкага ўказа №222. Пад заявай падпісаліся больш за 50 прадпрымальнікаў. Масавае мерапрыемства запланавана на 9 сакавіка. Пакуль жа пераважная большасць прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках «Славянскі» і «Цэнтральны», не працуюць.
Па словах прадпрымальніка Алега Шабетніка, працуюць на рынках зараз каля 3-5% гандляроў. «Мясцовыя ўлады даводзяць, што заяўку на мітынг яны мусілі падаваць як мінімум за два тыдні. Але гэта калі па закону. Мы ж бачым, што дзяржава дазваляе жыць сабе не па закону, а па паняццях. Такім чынам, мы плануем усё ж 9 сакавіка правесці мітынг», - патлумачыў прадпрымальнік.
Па яго словах, яго калегі зараз баяцца гандляваць, каб не плаціць потым велізарныя падаткі – дадаткова да 5 мільёнаў.
Нагадаем, індывідуальная прадпрымальнікі пратэстуюць супраць указа № 222 аб абавязковай сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці. Згодна ўказа, забаронена распрадаваць рэшткі тавару, на якія адсутнічаюць суправаджальныя дакументы. Гандляры ж сцвярджаюць, што ў РФ немагчыма атрымаць сертыфікаты.
Тым часам, неўзабаве ў Беларусі, па абяцаннях улады, павінен быць падпісаны новы ўказ, які вызначае правілы гандлю таварамі лёгкай прамысловасці без дакументаў. Як гаворыцца ў тлумачэнні Міністэрства па падатках і зборах, індывідуальным прадпрымальнікам-плацельшчыкам адзінага падатку прадстаўлена права прадаваць тавары без дакументаў, увезеныя з тэрыторыі краін Мытнага саюза.