Журналістку Ірыну Халіп выклікалі ў пракуратуру.
Намесьніка рэдактара “Белорусской деловой газеты” Ірыну Халіп 15 кастрычніка выклікалі ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь. З журналісткі ўзялі тлумачэньні адносна двух яе артыкулаў, надрукаваных у расійскай “Новой газете”, уласным карэспандэнтам якой яна з’яўляецца. Гэта артыкулы “Саддам может скрываться в Беларуси” і “Белорусский блефмейкер прикинулся девушкой”, паведаміла прэс-цэнтру Хартыі97 Ірына Халіп.
Тлумачэньні з журналісткі бралі пракуроры аддзелу па нагляду за выкананьнем правоў і свабодаў грамадзян Грамкоўскі і Радзонаў. “Мяне папрасілі напісаць, што я мела на ўвазе, калі пісала свае артыкулы. Дакладней, пракуроры спрабавалі мне растлумачыць, што я мела на ўвазе. Яны прапаноўвалі мне зарань падрыхтаваныя адказы на свае пытаньні. Упэўнівалі, што ў артыкуле “Саддам может скрываться в Беларуси” я сьцьвярджаю, што Лукашэнка мог садзейнічаць міжнароднай злачыннасьці. Доўга выпытвалі, што азначае слова “блефмейкер”. Я сказала, што прыдумала гэтае слова сама, і яго няма ў слоўніках. Тады яны папрасілі знайсьці сінонім гэтаму слову. Калі я сказала, што гэта “брехло”, што значыць “лжец”, яны пачалі падводзіць мяне да таго, што я абазвала прэзідэнта “брехлом” і “лжецом”. Адным словам, адбылася тыповая азмова сьляпога з глухім”, -- распавяла Ірына Халіп.
Намесьнік рэдактара “БДГ”, карэспандэнт “Новой газеты” Ірына Халіп лічыць, што гэты выклік у пракуратуру можа быць зьвязаны з яе нядаўняй паездкай у Страсбург на чарговую сесію Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, дзе яна выступіла з жорсткім дакладам па сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі. У прыватнасьці, супрацоўнікаў пракуратуры вельмі цікавіла, ці часта журналістка езьдзіць у камандзіроўкі, напрыклад, у Страсбург.
Беларуская служба Радыё Свабода нагадвае, што ў адносінах І. Халіп ужо ўзбуджаная крымінальная справа па абвінавачаньні ў паклёпе на дзяржаўных асобаў. Ірына ня выключае, што можа з’явіцца і другая падобная справа – ужо па абвінавачаньні ў паклёпе на прэзідэнта Беларусі.
Па словах Ірына Халіп, яна ў сваіх артыкулах толькі выкарыстала шырока вядомыя факты, даючы магчымасьць чытачам самім рабіць высновы. Карэспандэнту Радыё Свабода ў пракуратуры пацьвердзілі, што вядзецца праверка, ці сапраўды ў дадзеных артыкулах утрымліваюцца прыкметы паклёпу на прэзідэнта на прэзідэнта. Прэс-сакратар пракуратуры Юры Азаронак заявіў, што сьледчыя самі вырашаць, ці будуць узбуджаць крымінальную справу.