Алесь Бяляцкі заклікаў МЗС Італіі падтрымліваць палітыку ціску ў дачыненні да беларускага рэжыму
24 лютага ў Рыме адбылася сустрэча старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага з кіраўніком Дэпартамента па правах чалавека Міністэрства замежных справаў Італіі Джэсікай Лагана.
Распавёўшы пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, Алесь Бяляцкі выказаў спадарыні Лагана просьбу аб тым, каб знешнепалітычнае ведамства Італіі паслядоўна і актыўна падтрымлівала палітыку ціску на беларускія ўлады з патрабаваннем дэмакратызацыі ўнутранага жыцця ў краіне. У прыватнасці, каб у стасунках з афіцыйным Мінскам дабіваліся вызвалення палітычных вязняў, адмены смяротнага пакарання і правядзення дэмакратычных выбараў. “Для нас важна, каб такія дзеянні былі скаардынаваныя як у прамых кантактах з кіраўніцтвам Беларусі, так і ў міжнародных структурах: ААН, АБСЕ, Савеце Еўропы і Еўрапейскім Саюзе”, падкрэсліў пры гэтым праваабаронца.
Нагадаем, Алесь Бяляцкі наведаў Рым у рамках свайго візіту ў Італію, арганізаванага нацыянальным аддзяленнем праваабарончай арганізацыі Amnesty International, актывісты якога актыўна падтрымлівалі нядаўняга беларускага вязня сумлення падчас яго зняволення ў 2011-2014 гадах.