viasna on patreon

Праваабаронца падаў касацыйную скаргу ў Брэсцкі абласны суд на забарону пікета

2015 2015-02-23T22:49:17+0300 2015-02-23T22:49:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gousha-siargej-bar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Гоўша

Сяргей Гоўша

Праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша накіраваў касацыйную скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда на рашэнне суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы ад 27 студзеня, які прызнаў законнай забарону пікета 10 снежня 2014 года гарвыканкамам. Сяргей Гоўша адзначыў, што ён катэгарычна не згодны як з пастановаю суда першай інстанцыі, так і рашэннем Баранавіцкага гарвыканкама, які, па яго перакананні, незаконна забараніў пікет да 66-х угодкаў Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Праваабаронца звярнуў увагу, што гарадскі суд чамусьці “не заўважыў”, што гарвыканкам сам парушыў закон аб масавых мерапрыемствах, бо не ўказаў матывы, па якіх пікет быў забаронены, што мясцовыя чыноўнікі парушылі яшчэ і тэрмін адказу заяўнікам аб прынятым рашэнні.

Сяргей Гоўша дадаў, што суд таксама не прыняў да ўвагі яго тлумачэнні аб незаконнасці патрабаванняў з боку гарвыканкама ад заяўнікаў заключэння дамоў з міліцыяй па ахове грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў, чым былі парушаны палажэнні Пастановы Савета Міністраў ад 05.03.2012г. № 207.

У матывіровачнай часцы, адзначае правабаронца, суд нават не ўзгадаў, што ён прывёў мноства доказаў таго, што гарадская міліцыя афіцыйна адмаўлялася на працягу многіх гадоў заключаць дамовы з заяўнікамі, пакуль не будзе дазвол гарвыканкама на правядзення масавага мерапрыемства.

Сяргей Гоўша ўказаў, што суддзя Вольга Апановіч адмовілася далучыць да яго грамадзянскай справы рашэнне Камітэта па правах чалавека пры ААН ад 2012 года, якое прызнае, што Баранавіцкі гарвыканкам парушыў правы Сяргея Гоўшы, Віктара Сырыцы і Віктара Мезяка на мірныя сходы. Гэта вельмі важны дакумент, які падцвярджае, што КПЧ рэкамендаваў мясцовых чыноўнікаў дэмакратызаваць сваё рашэнне і практыку яго ўжывання.

Абсурдным, на думку Сяргея Гоўшы, выглядае заява ў судзе прадстаўнікоў гарвыканкама аб тым, што ён не ўказаў меры, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем і прыборкай тэрыторыі пасля пікета.

– Да нашай заявы былі прыкладзены копіі дамоў з паліклінікай і ЖКГ. Таксама ў заяве ў гарвыканкам маюцца абавязальніцтвы заяўнікаў аб тым, што яны абавязуюцца забяспечыць грамадскі парадак. Але суддзя Вольга Апановіч “не заўважыла” і гэтых дакументаў, – пракаментаваў Сяргей Гоўша. Праваабаронца просіць адмяніць рашэнне суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы ад 27.01.2015г. як неабгрунтаванае і незаконнае. Таксама ён патрабуе адмяніцьрашэнне гарвыканкама аб забароне пікета і ўказаць Баранавіцкаму гарвыканкаму на абавязковае выкананне патрабавання арт.6 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, у адпаведнасці з якім павінны быць указаны матывы забароны масавага мерапрыемства, а арганізатары павінны быць уведамлены аб не пазней пяці дзён да даты правядзення масавага мерапрыемства, а не за 1 дзень, як гэта адбылося.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства