viasna on patreon

НЕсвабода сходаў: у Полацку і Віцебску не адбыліся 4 пікеты

2015 2015-02-22T20:07:59+0300 2015-02-22T20:07:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svab-shodau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Усе гэтыя мерапрыемствы былі забаронены мясцовымі уладамі па прычыне таго, што арганізатары не прадставілі дамоваў з медыкамі, міліцыяй і работнікамі службаў ЖКГ.

Законам аб масавых мерапрыемствах не прадугледжана патрабаванне да арганізатараў дадаткова дамаўляцца і аплочваць працу служб, якія фінансуюцца з бюджэту краіны. Полацкае прадпрыемства "Полацк-Шкловалакно" выдаткоўвае ў бюджэт немалыя грошы. Аднак рабочым гэтага прадпрыемства забаранілі 12 лютага праводзіць пікет для збору подпісаў пад зваротам да прэзідэнта, каб прыпыніць дзеянне дэкрэту №5. Асаблівае абурэнне рабочых выклікала норма дэкрэту, якая дазваляе начальнікам ужываць да працоўных новую меру дысцыплінарнага спагнання – пазбаўленне прэміяльных на тэрмін да дванаццаці месяцаў.

Мікалай Шарах, намеснік старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага на прадпрыемстве «Полацк-Шкловалакно», перакананы, што дадатковая аплата працы гарадскіх службаў падчас масавых мерапрыемстваў – гэта нонсенс. Хуткая дапамога і міліцыя прыязжаюць у выпадку неабходнасці бясплатна, прыборку на месцы пікетавання адказныя могуць правесці і самі.

"Так што абмежаванне права рабочых у выказванні свайго меркавання адносна дэкрэту №5 мы лічым парушэннем закону, неабгрунтаваным абмежаваннем правоў працоўных. Такое рашэнне райвыканкаму робіць права працоўных на мірны сход ілюзорным", -гаворыць актывіст "пярвічкі" СПБ.

Адразу тры пікеты, якія рыхтаваліся віцебскімі сябрамі КХП БНФ, не адбыліся ў Віцебску. Заяўкі на пікеты (па адной у кожную з трох раённых адміністрацый Віцебска) падавалі пяцёра партыйцаў, і ўсе пікеты мусілі ладзіцца ў розны час 10 лютага. Арганізатары збіраліся абмеркаваць з землякамі праблемы, звязаныя са знаходжаннем Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. На думку актывістаў КХП БНФ, гэта можа пагражаць стратай дзяржаўнага суверэнітэту краіны, прывесці да далейшага знішчэння беларускай мовы, гісторыі і культуры. 

Апроч заявак на пікеты ў раённыя адміністрацыі былі пададзены копіі заяў генеральнаму дырэктару УКВП «Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка», ва Упраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму і ва ўстанову аховы здароўя «Віцебская гарадская цэнтральная паліклініка». Згаданыя структуры пазначаны ў рашэнні гарвыканкаму аб парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапыемстваў: з імі заяўнікі мусяць заключаць дамовы на абслугоўванне акцый.

Заключыць дамовы не атрымалася ні з кім, апроч камунальнікаў. З міліцэйскай управы адказалі, што гатовы ахоўваць парадак падчас пікетаў, але толькі калі ўлады дадуць дазволы на іх правядзенне. А галоўурач УАЗ «Віцебская гарадская цэнтральная паліклініка» Станіслаў Цітовіч адмовіўся ад супрацоўніцтва катэгарычна: ён напісаў, што каардынаваць дзейнасць медычных брыгад на дату меркаванага мерапрыемства не ўяўляецца магчымым, таму не ўяўляецца магчымым і заключыць дамовы.

На падставе адсутнасці дамоваў раённыя ўлады забаранілі мерапрыемствы. Дадалі і яшчэ адну прычыну: маўляў, адзін з заяўнікаў, Ян Дзяржаўцаў, на працягу апошняга года прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Таму, маўляў, быць заяўнікам масавага мерапрымства ён не можа. Такі падыход стаў "адкрыццём" для актывіста: за апошнія 12 месяцаў ён падаваў заяўкі на масавыя акцыі не адзін раз, але падобных тлумачэнняў адмовы яшчэ не было.

Таксама Ян Дзяржаўцаў абураны тым, што з адміністрацыі Першамайскага раёна адказ пра забарону акцыі быў напісаны па-руску, хаця заяўка падавалася на беларускай мове. Гэта з'яўляецца парушэннем Закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, і актывіст ужо падрыхтаваў адпаведныя скаргі ў пракуратуру і аблвыканкам.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства