За рэдактара “Вольнага горада” ўзяліся падаткавікі
Рэдактар крычаўскай маланакладнай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны атрымаў патрабаванне ад інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Крычаўскаму раёну прадставіць дэкларацыю аб даходах і маёмасці за 2011, 2012, 2013, 2014 гады ў тэрмін не пазней за 24.02.2015 г.
У патрабаванні паведамляецца пра тое, што дэкларацыя можа быць прадстаўлена Сяргеем Няроўным асабіста, па пошце альбо праз асабістага прадстаўніка. У выпадку немагчымасці прадастаўлення дэкларацыі аб даходах і маёмасці ва ўстаноўлены тэрмін журналіст абавязаны не пазней, чым за тры каляндарныя дні да надыходу ўказанага ў пісьмовым патрабаванні тэрміну падаць у падаткавы орган заяву з указаннем прычын яе непрадастаўлення.
Сяргей Няроўны лічыць, што праз падаткавую інспекцыю ўлады хочуць націснуць на яго як рэдактара газеты “Вольны горад” з мэтай змяніць крытычную пазіцыю выдання ў адносінах да мясцовай “вертыкалі” на больш лагодную.
“Я лічу, што патрабаванне з падаткавай аб прадастаўдленні мной дэкларацыі аб даходах і маёмасці за чатыры гады – гэта такая своеасаблівая помста з боку Крычаўскага райвыканкама за крытычную пазіцыю газеты “Вольны горад”, - кажа Сяргей Няроўны. – Немалаважна таксама, што ў гэтым годзе адбудуцца выбары прэзідэнта нашай краіны, напярэдадні такіх падзей у нас традыцыйна павялічваецца ціск на незалежных журналістаў. Наколькі я ведаю, за патрабаваннем падаткавай аб прадастаўленні мной дэкларацыі аб даходах за чатыры гады стаіць начальнік Крычаўскага межрайаддзела КДБ Краўцоў, які не так даўно стаў чальцом Крычаўскага райвыканкама, і дзейнасць якога мы зараз крытыкуем у газеце “Вольны горад”.
Па словах Сяргея Няроўнага, апошні раз падаткавая інспекцыя спрабавала на яго націснуць у 2011 годзе, “калі выгналі з працы жонку і адразу даслалі патрабаванне з падатковай аб прадастаўленні дэкларацыі аб даходах. Тады здолеў адбіцца... Паглядзім, як атрымаецца зараз”.
Нагадаем, што восенню мінулага года ў судзе Крычаўскага раёна праходзілі судовыя працэсы, на якіх разглядаўся пазоў аб абароне гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай да газеты “Вольны горад”, яе рэдактара Сяргея Няроўнага і выдаўца газеты Уладзіміра Кудраўцава.
Па выніках разгляду пазова суддзя суда Крычаўскага раёна Алена Азаранка 8 снежня 2014 года вынесла рашэнне спагнаць з журналістаў газеты “Вольны горад” - яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава, рэдактара Сяргея Няроўнага і журналіста Мікалая Гердзія кампенсацыю за нанесеныя Марыне Максімавай маральныя страты ў памеры 7 000 000 рублёў, аплачанай ёй дзяржпошліны ў памеры 450 000 рублёў, і выдаткаў, звязаных з удзелам яе прадстаўніка ў судзе ў памеры 3 600 000 рублёў.
Газета “Вольны горад” выдаецца з 1998 года і карыстаецца шырокай папулярнасцю сярод насельніцтва ўсходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці. Яна распаўсюджваецца накладам у 299 асобнікаў, бо зарэгістраваць газету, нягледзячы на неаднаразовыя спробы, журналісты не змаглі, мясцовыя ўлады заўсёды выступалі супраць такой рэгістрацыі. Увесь гэты час узначальвае рэдакцыю газеты вядомы крычаўскі журналіст Сяргей Няроўны.