viasna on patreon

Штода: На Акрэсціна рыхтавалі камеры для грузаперавозчыкаў

2015 2015-02-19T13:23:31+0300 2015-02-19T13:25:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/htoda-1802.jpg
Сяргей Штода

Сяргей Штода

Улады не выключалі, што акцыя каля Дома ўраду можа адбыцца.

Грузаперавозчык Сяргей Штода, які ўчора выйшаў на волю пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту, 19 лютага правёў у Мінску прэс-канферэнцыю. Нагадаем, што грузаперавозчыкі ад імя якіх выступаў Штода, патрабавалі частковай амністыі па штрафах у сістэме BelToll. Паводле іх слоў, яны атрымалі вялізныя штрафы — дзясяткі тысяч еўра. У цэнтры Мінска рыхтавалася акцыя пратэсту, грузаперавозчыкі збіраліся запісаць каля Дома ўраду зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Аднак напярэдадні акцыі Сяргей Штода пайшоў на прызначаную сустрэчу з першым віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім і апынуўся за кратамі. Бізнэсоўца затрымалі і абвінавацілі ў "нецэнзурнай лаянцы", асудзілі на 15 сутак. Акцыя ж грузаперавозчыкаў не адбылася.

Штода распавёў, што ён прыйшоў на прыём, але яму паведамілі, што чыноўнік "тэрмінова паляцеў у Маскву". Таму сустрэча не адбылася. Грузаперавозчык выйшаў з будынка і пайшоў у бок чыгуначнага вакзала. Праз 100 метраў яго затрымалі АМАПаўцы.

Штоду завезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, а пасля — ў суд. Абвінавачанне — "лаянка матам у грамадскім месцы". Суддзя доўга не пачынаў працэс. Па словах Сяргея Штоды, АМАПаўцы яму распавялі, што "загад на затрыманне даў КДБ". У такой сітуацыі ён вырашыў прызнаць сваю віну ў спадзяванні атрымаць толькі штраф. Аднак атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Па словах Штоды, акцыя грузаперавозчыкаў не адбылася, паколькі была дамоўленасць, што ён усіх абтэлефануе і дасць сігнал. Паколькі ён быў затрыманы, то патэлефанаваць не мог і на акцыю ніхто не прыехаў. Цяпер грузаперавозчык лічыць, што гэта і добра, паколькі на Акрэсціна былі падрыхтаваныя для затрыманых аж два паверхі. "Туды можна было змясціць 500 чалавек", — кажа Сяргей Штода.

Ён не стаў агучваць свае бліжэйшыя планы. Толькі сказаў, што цяпер не будзе дзейнічаць так адкрыта, як раней, будзе больш асцярожным. У той жа час ён адзначыў, што яму "няма што губляць" — рахунак яго фірмы арыштаваны. Як вядома, з яе хочуць спагнаць штраф — 10 тысяч еўра.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства