viasna on patreon

У «хіміка» Юрыя Рубцова адабралі кнігу прапаноў і заяваў

2015 2015-02-08T13:46:00+0300 2015-02-09T13:55:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rubcou-jury-sudd.gif
Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

Юрый Рубцоў, які адбывае «хімію» ў спецкамэндатуры вёскі Куплін Пружанскага раёну, спрабаваў паскардзіцца на парушэньні працоўнага заканадаўства з боку адміністрацыі. Што з гэтага атрымалася, палітвязень распавёў карэспандэнту Свабоды 7 лютага.

«Учора спрабаваў напісаць скаргу ў кнігу прапаноў і заяваў. Гэтак тут называецца кніга скаргаў. Напярэдадні мне абвясьцілі спагнаньне за тое, што я нібыта адмаўляюся працаваць. Хаця я не адмаўляюся зусім, а толькі патрабую, каб мне была прадастаўленая праца з сярэднім заробкам, які існуе па краіне. І вось ўчора я запатрабаваў кнігу прапаноў і заяваў. Спачатку мне такую кнігу далі. Я ўжо пачаў пісаць прапанову, каб з дапамогай незалежных экспэртаў і пракуратуры была праведзеная юрыдычная экспэртыза інструкцыі па арганізацыі працы асуджаных да „хіміі“. Ці адпавядае гэтая інструкцыя Працоўнаму кодэксу і Канстытуцыі. На маю думку, не адпавядае. Прыкладам, калі мяне прымушаюць ісьці працаваць туды, куды яны скажуць, то яны мусяць падпісваць працоўную дамову, а не я. Але па законе яны гэта рабіць ня могуць, калі заробак будзе налічацца трэцяй асобе. Карацей, яўная несастыкоўка. Вось я і прашу разабрацца. Але не пасьпеў я дапісаць сваю прапанову, як ў мяне кнігу адабралі. Чаму, не патлумачылі. Але праз 4 гадзіны далі ўсё ж афіцыйны адказ, што ўсе іх інструкцыі нібыта адпавядаюць закону. То бок яны не сталі праводзіць экспэртызу, а проста напісалі, што ўсё ў норме».

Таксама Юры Рубцоў паведаміў, што ў апошні тыдзень да яго перасталі даходзіць газэты, якія раней былі выпісаныя на ягонае імя. Чаму гэтак адбылося, ён будзе разьбірацца.

Актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў стаў вядомы тым, што рэгулярна апранаў на акцыі апазыцыі майку за заклікам да Лукашэнкі ісьці ў адстаўку. У канцы 2014 году Юры Рубцоў быў асуджаны на 1,5 года «хіміі» нібыта за зьнявагу судзьдзі Кірыла Палулеха, які пасьля Чарнобыльскага шэсьця судзіў актывіста распранутага да поясу. У студзені 2015 году «хімік» Юры Рубцоў трымаў галадоўку пратэсту, якая цягнулася каля 10 дзён.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства