Севярынцу вяртаюць кнігі Пазьняка - усе, акрамя адной
Увечары 13 кастрычніка 2014 года сустаршыню БХД Паўла Севярынца затрымалі на памежным пераходзе Брузгі, калі ён вяртаўся з Беластоку. Пасля прад’яўлення пашпарту Севярынца павялі на асабісты агляд і сканфіскавалі шэраг кнігаў Зянона Пазьняка.
6 лютага пасля двух зваротаў непасрэдна на пункт пропуску Брузгі і ў Гродзенскую рэгіянальную мытню Павал Севярынец атрымаў адказ, падпісаны намеснікам начальніка мытні Ю.І.Комлачам. У адказе паведамляецца, што спецыяльная камісія правяла экспертызу кнігаў Пазьняка на "прадмет наяўнасці прыкмет экстрэмізму” (экспертнае заключэнне ад 28.01.2015) і вызначыла, што ў гэтай літаратуры прыкметаў экстрэмізму няма.
Праўда, Гарадзенская мытня ўдакладняе: з 26 адабраных кнігаў уладальніку вернуць толькі 25. Кніга "Тэрра Дэй” дагэтуль знаходзіцца на экспертызе.
"Дзякуй Богу, нарэшце, прыйшоў адказ, прычым па-беларуску, на мове звароту. Добра, што у органаў хапіла розуму не прыдумваць "прыкметаў экстрэмізму” ў кнігах Зянона Пазьняка. Пройдзе час, і кнігі Зянона будуць вывучаць беларускія школьнікі, а не эксперты камісіі па экстрэмізме. Ну а наконт кніг "Тэрра Дэй” – напэўна, яна асабліва спадабалася чытачам з камісіі. Буду пісаць асобную заяву, каб яе вярнулі”, - адзначыў сустаршыня БХД.