Брэст: улады занепакоеныя павялічэннем колькасці скаргаў ад жыхароў вобласці
Паводле афіцыйных дадзеных, агучаных падчас чарговай сесіі Брэсцкага абласнога савета дэпутатаў, колькасць зваротаў ад жыхароў рэгіёна ў дзяржанаўныя ўстановы ў 2014 годзе вырасла. Прычым насельніцтва ўсё часцей шукае праўды не ў мясцовых органах улады, а ў больш высокіх інстанцыях кшталту адміністрацыі прэзідэнта.
Як паведаміла начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Брэсцкага аблвыканкама Вольга Верабей, кожны дзесяты зварот у прэзідэнцкую адміністрацыю звязаны з пераглядам судовых пастаноў, на другім месцы знаходзяцца пытанні па будаўніцтве жылля, атрыманні крэдытаў і субсідый (7,2%), а на трэцім - звароты, што тычацца дзейнасці праваахоўных органаў (7,1%).
Па выніках працы за 2014 год колькасць зваротаў у аблвыканкам (пісьмовых, вусных, электронных ці тых, што паступілі падчас прамых тэлефонных ліній) у параўнанні з папрэднім годам павялічылася на 5,7%. Сярод зваротаў у аблвыканкам дамінавалі пытанні прыватызацыі і набыцця жылля (такіх зваротаў паступіла на 61,1% больш, чым у 2013 годзе), актуальнымі таксама заставаліся пытанні працы камунальных службаў, будаўніцтва інжынернай інфраструктуры ў кварталах індывідуальнай жылой забудовы.
Прадстаўніца аблвыканкама таксама фактычна прызнала, што кампетэнтныя асобы іншым разам не прымаюць меры для поўнага, аб'ектыўнага і своечасовага разгляду зваротаў грамадзян, у выніку чаго назіраецца фармалізм, рыхтуюцца юрыдычна неабгрунтаваныя адказы, робяцца папулісцкія абяцанні. За дапушчаныя парушэнні ў працы са зваротамі грамадзян за 2014 год у Брэсцкай вобласці прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці 142 службовыя асобы гарадскіх, раённых, сельскіх, пасялковых выканаўчых камітэтаў, у тым ліку 16 службовых асоб аблвыканкама і адзін старшыня райвыканкама.