Абмежаванні інтэрнэт-рэсурсаў адбываюцца дзякуючы пільнасці грамадзян?
Выступаючы 5 лютага на калегіі Міністэрства інфармацыі Беларусі кіраўнік ведамства Лілія Ананіч заявіла, што ў Беларусі створаная эфектыўная прававая база для кантролю за распаўсюджваемай сродкамі СМІ інфармацыяй.
“Са ўступленнем ў дзеянне з 1 студзеня 2015 года ў Беларусі закона аб СМІ створана дзейсная прававая база, якая дазваляе прыцягваць да адказнасці інтэрнэт-СМІ за распаўсюд неналежнай інфармацыі”, - перадае словы Ананіч БЕЛТА.
"Ужо сёння работа па абмежаванні шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў вядзецца міністэрствам. І часта інфармацыя паступае ад грамадзян, якія звяртаюцца ў інфармацыйнае ведамства. Па словах Ліліі Ананіч, сёння вельмі важна ўсіх сродках масавай інфармацыі працаваць над прадстаўленнем ў інтэрнэт-асяроддзі. Яна звярнула ўвагу, што большасць друкаваных сродкаў масавай інфармацыі сёння маюць свае сайты, якія актыўна абнаўляюцца. Акрамя таго, ствараюць акаўнты ў сацыяльных сетках". Лілія Ананіч таксама адзначыла высокую актыўнасць рэгіянальных СМІ.
Закранула пад час калегіі Міністэрства інфармацы Лілія Ананіч і тэму экстрэмізму ў СМІ. Паводле яе дадзеных рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму разгледзела больш за 100 матэрыялаў. З іх 25 матэрыялаў былі прызнаныя падпадаючымі пад пазіцыю "экстрэмізм, прапаганда ідэй нацызму, расавай, рэлігійнай нецярпімасці", а таксама "літаратура, якая магла б выкарыстоўвацца ў тэрарыстычных мэтах". Гэтыя матэрыялы былі забароненыя да распаўсюджвання.