viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Пуцін трымае Лукашэнку на кароткай дзяжцы

2015 2015-01-30T18:46:16+0300 2015-01-30T18:46:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ales-dw.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота: DW / N.Jolkver

Алесь Бяляцкі. Фота: DW / N.Jolkver

Вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі распавёў у інтэрв'ю DW пра магчымыя наступствы ўкраінскіх падзеяў для Беларусі і ўзаемаадносіны Пуціна і Лукашэнкі.

У Нямеччыне на фоне расійска-ўкраінскага канфлікту амаль забыліся пра Беларусь, а адносіны паміж Еўразвязам і Мінскам сталі менш нацягнутымі. Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку перасталі называць "апошнім дыктатарам" Еўропы пасля таго, як раней за тэрмін - у чэрвені мінулага года - вызвалілі з папраўчай калоніі Алеся Бяляцкага - кіраўніка беларускага праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

У інтэрв'ю DW Алесь Бяляцкі распавёў пра магчымыя наступствы падзеяў на Украіне для Беларусі, становішча ў краіне і знешнепалітычны курс Мінска.

DW: Беларусь практычна цалкам знікла з фокусу ўвагі нямецкай прэсы. Як вы лічыце, усё засланіла тэма канфлікту ва Украіне ці сітуацыя з правамі чалавека ў вас на радзіме стала менш вострай?

Алесь Бяляцкі: Зразумела, што Украіна зараз на першым месцы. Лёс Украіны акажа вялікі ўплыў на ўвесь рэгіён - на Беларусь, на Расію, на Малдову, на ўсе суседнія постсавецкія краіны. Так што павышаная ўвага да Украіны - гэта нядрэнна. З іншага боку, нас турбуе, што становішча з правамі чалавека ў Беларусі, дэмакратычныя працэсы, наогул усё, што ў нас адбываецца, адышло на задні план і не прыцягвае належнай увагі.

У нас нічога добрага не адбываецца. Аўтарытарная сістэма, выбудаваная Лукашэнкам, застаецца ранейшай. Калі змены адбываюцца, то, на жаль, у горшы бок. Рэзкае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека, з грамадзянскімі свабодамі ў Расіі аказвае вельмі моцны негатыўны ўплыў на Беларусь.

- А якое непасрэднае ўздзеянне на Беларусь могуць аказаць ўкраінскія падзеі? У вас магчымы свой "Майдан"?

- У такім выглядзе, у якім ён праходзіў на Украіне, напэўна, не. Усе выбухі народнай актыўнасці ўнікальныя. Можна ўспомніць варыянты рэвалюцый канца 80-х гадоў у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У кожнай быў свой вопыт. Таму, я думаю, што, калі ў нас і будзе нешта адбывацца, то ў беларускім варыянце. Я памятаю пачатак 90-х гадоў, калі сотні тысяч беларусаў патрабавалі пераменаў. Так што казаць, што ў Беларусі не будзе масавых выступаў, а ўлады цалкам кантралююць сітуацыю, нельга. Да таго часу, пакуль гэтая ўлада будзе будавацца на выбарчых фальсіфікацыях, на рэпрэсіях супраць няўгодных людзей, пакуль вярхушка ўлады будзе жыць у адрыве ад патрэбаў і запатрабаванняў людзей, будзе захоўвацца выбуханебяспечная сітуацыя, і ў рэшце рэшт, я спадзяюся, змены наступяць.

- Як у сувязі з гэтым вы ацэньваеце пазіцыю самога Аляксандра Лукашэнкі ва ўкраінскім канфлікце, той факт, што ён прыязджаў у Кіеў і выступаў за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны?

- Вельмі моцны ўплыў асабістага фактару, жадання захаваць уладу. Калі сёння "Крым наш", то чаму заўтра Беларусь не зможа стаць "нашай" для Пуціна і Расіі? Анэксія Крыма, безумоўна, напалохала Лукашэнку. Ён у свой час не прызнаваў анэксіі Абхазіі, таму што разумеў, што такая палітыка можа распаўсюдзіцца і на іншыя краіны. Тое, што адбылося ва Украіне, вельмі моцна ўразіла яго. Прызнаць анэксію Крыма азначала б паставіць заўтра ці паслязаўтра пад пытанне сваю ўласную легітымнасьць.

Што ж тычыцца стасункаў з Украінай, то яны чыста прагматычныя, у першую чаргу - эканамічныя. Украіна - другі па значэнні гандлёвы партнёр Беларусі. Адносіны ж з Расіяй, на жаль, вельмі глыбокія - эканамічныя, палітычныя, ваенныя. Цяпер Лукашэнка, можа быць, і хацеў бы зрабіць крок назад, але дзяжка, на якой яго трымае Пуцін, вельмі кароткая.

- Атрымліваецца, Лукашэнка сядзіць адразу на некалькіх крэслах. І адносіны з Украінай імкнецца не сапсаваць, і, як вы кажаце, "на дзяжцы ў Пуціна", і адначасова падае сігналы ў Еўрасаюз. Наколькі важная для яго нармалізацыя адносінаў з Захадам?

- Пра Захад ён успамінае і пачынае да яго звяртацца, калі яго спрабуюць прыперці да сценкі. Гэта звязана з эканамічнымі патрэбамі Беларусі, паколькі выбудаваная Лукашэнкам эканамічная мадэль сёння прабуксоўвае. Нават велізарнай эканамічнай дапамогі Расіі не хапае, каб утрымаць гэтую сістэму ў нармальным стане. Патрэбныя крэдыты. А іх можа даць толькі Захад.

- Улічваючы падзеі ва Украіне, эканамічны крызіс у Расіі і гаспадарчую бязладзіцу ў самой Беларусі, ці магчымы паступовы дрэйф Лукашэнкі ў бок Еўрасаюза і абумоўленая гэтым унутрыпалітычная лібералізацыя?

- У снежні адбылася 30-працэнтная дэвальвацыя беларускага рубля. Гэта значыць, у кожнага беларуса фактычна скралі трэцюю частку яго заробку, залезлі ў кішэню і дасталі гэтыя грошы. Гэта трывожны званок, які паказвае, што не ўсё хвалебна ў "каралеўстве" Лукашэнкі, якое ён падае як выспу стабільнасці. Стабільнасць прывідная. Улічваючы ж, што асноўны спонсар яго рэжыму - Расія на сённяшні дзень таксама знаходзіцца не ў лепшым эканамічным стане, яе дапамога, напэўна, будзе скарачацца.

Але сам Лукашэнка, я перакананы, не мяняецца. Усякія яго адносіны з Захадам будуць насіць толькі тактычны характар і пераследваць мэту ўтрымаць эканоміку і самому ўтрымацца ва ўладзе. Ён заўсёды з вялікай насцярожанасцю і нават з варожасцю ставіўся да Захаду і заходніх каштоўнасцяў, да правоў чалавека, да дэмакратыі.

- Але ж і жыхары Беларусі, калі верыць некаторым сацыёлагам, не вельмі настроены да заходніх каштоўнасцяў, заходняй талерантнасці. Ці не супярэчаць такія настроі вашым словам пра прывіднасць палітычнай стабільнасці ў Беларусі?

- Такія настроі ёсць, у тым ліку і ў Нямеччыне, і іх трэба ўлічваць. Але разам з тым, праеўрапейскі трэнд у Беларусі дастаткова моцны. Паводле апытанняў, часам больш за палову, часам менш за палову выказваюцца за еўрапейскі вектар развіцця Беларусі. Каштоўнасці свабоды, натуральна, больш зразумелыя маладому пакаленню. Моладзь бывае за мяжой, на свае вочы бачыць, як жывуць суседзі - у Літве, у Польшчы, дзе ўзровень жыцця значна вышэйшы, чым у Беларусі, дзе ёсць прававая абароненасць і незалежныя суды. Я аптымістычна настроены і ў адносінах да будучыні Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства