viasna on patreon

Баранавічы: праваабаронца просіць пракурора адрэагаваць на незаконныя дзеянні выканкаму

2015 2015-01-26T10:37:26+0300 2015-01-26T10:37:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gousha-siargej-sud-piket.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Гоўша.

Сяргей Гоўша.

Праваабаронца Сяргей Гоўша накіраваў заяву міжраённаму пракурору на рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама ад 05.12.2014г., згодна якому быў забаронены пікет, прысвечаны гадавіне Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Праваабаронца адзначае, што гарвыканкам забараніў правядзенне пікета на той падставе, што заяўнікі не выканалі патрабаванне артыкула 5 Закона РБ ад 30 снежня 1997г. “Аб масавых мерапрыемствах у РБ” і пункт 4 рашэння Баранавіцкага гарвыканкама ад 16.06.2009г. “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у г.Баранавічы” без указання канкрэтнай прычыны забароны. Сяргей Гоўша лічыць, што гарвыканкам сам парушыў артыкул 6 закона аб масавых мерапрыемствах, які абавязвае прадстаўнікоў улады матываваць сваё рашэнне.

Праваабаронца звяртае ўвагу пракурора, што гарвыканкам несваечасова даў адказ заяўнікам аб прынятым рашэнні, чым зноў парушыў патрабаванне арт.6 закона аб масавых мерапрыемствах. У адпаведнасці з гэтым артыкулам закона, арганізатарам павінны паведаміць аб рашэнні кіраўніка выканаўчага органа ці яго намесніка не пазней за пяць дзён да даты правядзення масавага мерапрыемства. Заяўнікі ж атрымалі гэтае рашэнне толькі за адзін дзень да дня правядзення пікету, што пацвярджаецца штэмпелем на канверце, які ён прыклаў да сваёй скаргі пракурору.

Грамадскі актывіст таксама ўказвае, што акрамя закона і рашэння гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах чыноўнікі павінны кіравацца і Пастановай Савета Міністраў ад 05.03.2012г. № 207, якая абавязвае выканаўчую ўладу на працягу аднаго дня перадаць пададзеную заяву на масавае мерапрыемства ў праваахоўныя органы для арганізацыі аховы яго ўдзельнікаў. Праваабаронца лічыць, што замест таго, каб прывесці сваё рашэнне аб масавых мерапрыемствах у Баранавічах у адпаведнасць з пастановай Саўміна, мясцовыя чыноўнікі незаконна патрабуюць ад заяўнікаў пікетаў і сходаў заключэння дамовы з міліцыяй. І на падставе таго, што такой дамовы заяўнікі пікета не прадставілі разам з заяваю, ім не даецца дазвол на яго правядзенне.

Сяргей Гоўша просіць пракурора адмяніць рашэнне гарвыканкама ад 05.12.2014г. аб забароне пікета і прыцягнуць да адказнасці не толькі намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама У.В. Захарчука за парушэнне тэрміну адказу на яго заяву, але і прадстаўнікоў гарвыканкама, адказных за выкананне Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 05.03.2012г. і ўвядзенне своечасовых зменаў у рашэнне Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта ад 16.06.2009г. №1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у г.Баранавічы”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства