У задавальненні касацыйнай скаргі “Вольнага горада” адмоўлена
Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда 21 снежня адмовіла ў задавальненні касацыйнай скаргі выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава на рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 8 снежня па пазову начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.
Старшынствуючая на пасяджэнні суддзя Святлана Стальмахова ў сваім рашэнні паведаміла пра тое, што рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 8-га снежня застаецца ў сіле, бо надрукаваныя ў артыкуле “Не ў сваім крэсле?” на інтэрнэт-сайце і ў газеце “Вольны горад” за №27 ад 14 верасня 2014 года звесткі аб Марыне Максімавай з’яўляюцца абразлівымі і ганьбяць гонар і годнасць асобы.
Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда не прыняла да ўвагі аргументы прысутных на пасяджэнні рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага і аўтара артыкула “Неў сваім крэсле?” журналіста Мікалая Гердзія (на фота) пра тое, што ў публікацыі “Не ў сваім крэсле?” няма ніякай абразы для Марыны Максімавай як для асобы. Прыказка ў артыкуле была дадзена, каб паказаць, што чалавек не разбіраецца ў сваёй працы. Аддзел ідэалогіі райвыканкама і мясцовая раёнка “Крычаўскае жыццё” не надавалі практычна ніякай увагі наступствам абвалу будынку актавай залы і сталовай мясцовай гімназіі, хаця гэта тэма рэгулярна асвятлялася АНТ, БТ, Белта, “Советской Белоруссией” і іншымі дзяржаўнымі выданнямі, таму журналісты “Вольнага горада” і былі вымушаны акцэнтаваць увагу на бяздзейнасць крычаўскай ідэалагічнай “вертыкалі”.
Рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны кажа, што журналісты “Вольнага горада” не могуць пагадзіцца з высновамі суда Крычаўскага раёна ад 8 снежня 2014 года і судовай калегіі па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда ад 21 студзеня 2015 года і абавязкова будуць рыхтаваць і падаваць наглядную скаргу.
Нагадаем, што суддзя суда Крычаўскага раёна Алена Азаранка 8 снежня вынесла рашэнне спагнаць з журналістаў газеты “Вольны горад” - яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава, рэдактара Сяргея Няроўнага і журналіста Мікалая Гердзія кампенсацыю за нанесеныя начальніку аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыне Максімавай маральныя страты ў памеры 7 000 000 рублёў, аплачанай ёй дзяржпошліны ў памеры 450 000 рублёў, і выдаткаў, звязаных з удзелам яе прадстаўніка ў судзе ў памеры 3 600 000 рублёў.
Падставай для падачы пазова стаў размешчаны 14 верасня 2014 года на інтэрнэт-сайце газеты “Вольны горад” артыкул “Не ў сваім крэсле?”. Аналагічны артыкул быў змешчаны таксама і ў друкаваным нумары выдання. У артыкуле журналіст газеты “Вольны горад” Васілій Чуб (псеўданім Мікалая Гердзія)падымаў вострую тэму замоўчвання ўладамі Крычаўскага раёна і дзяржаўнай раёнкай “Крычаўскае жыццё” інфармацыі пра наступствы абвалу будынку актавай залы і сталовай мясцовай гімназіі і інфармавання насельніцтва аб дзеяннях уладаў па вырашэнню ўзніклых для школьнікаў і іх бацькоў праблем. Ён пісаў пра тое, што прычыны абрушэння, праблемы арганізацыі навучальнага працэса хвалююць большасць насельніцтва Крычаўскага раёна, аднак мясцовыя ўлады чамусьці гэтую тэму абыходзяць бокам.