Журналістаў вінавацяць у неданясенні на інваліда-вазочніка
Светлагорскія міліцыянты пераследуюць журналістаў за тое, што яны не данеслі пра пікет інваліда-вазочніка. Журналіст Ларыса Шчыракова і яе калега Кастусь Жукоўскі знялі відэаматэрыял пра затрыманне інваліда Юрыя Ляшэнкі, які ладзіў акцыю пратэсту ля Светлагорскага гарвыканкаму. Паводле Ларысы Шчыраковай, улада брутальна парушыла правы чалавека з інваліднасцю на свабоду сходаў.
- Да мяне прыходзіў участковы Шэйман, браў тлумачэнні з нагоды адзіночнага пікета, які зладзіў Ляшэнка ў Светлагорску. І я нарэшце даведалася, у чым мяне абвінавачваць. Ён мне паказаў паперу, дзе было напісана, што праводзіцца праверка па факту, маўляў, Шчыракова і Жукоўскі ведалі пра тое, што адбудзецца несанкцыянаваны пікет і аказвалі дапамогу і спрыянне ў ягоным правядзенні.
25 лістапада інвалід першай групы Юрый Ляшэнка збіраўся пікетаваць ля гарвыканкама з мэтай прыцягнення ўвагі да праблемаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На падыходзе да месца правядзення акцыі яго затрымалі медыкі, якія закінулі інваліда разам з вазком у машыну хуткай дапамогі. Усе гэтыя падзеі знялі на відэа Кастусь Жукоўскі і Ларыса Шчыракова. 21 студзеня іх будуць дапытваць міліцыянты ў Светлагорску.