Светлагорск: міліцыя цікавіцца роляй журналістаў пад час пікету
15 студзеня ў Светлагорскі РАУС быў выкліканы для «гутаркі» грамадскі актывіст Юрый Ляшэнка. Па патрабаванні актывіста пасля так званай гутаркі яму была ўручана позва, дзе яго статус пазначылі як сведкі. Пытанні ўчастковага інспектара тычыліся падзеяў лістапада 2014 года. 25 лістапада Юрый Ляшэнка правёў на цэнтральнай плошчы райцэнтра адзіночны пікет з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем інвалідаў, парушэнні заканадаўства аб безбар'ерным асяродку. Актывіст быў затрыманы работнікамі «хуткай», а ў бальніцы, куды яго даставілі без яго згоды, міліцыяй быў складзены адміністрацыйны пратакол. За «парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства» Юры Ляшэнка быў пакараны па суду штрафам.
Міліцыянера цікавіла - што рабілі ў гэты ж час на цэнтральнай плошчы гомельскія журналісты Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі? «Участковы пытаўся: ці дапамагалі яны мне вырабляць плакат, ці трымалі ў руках плакат на пікеце? Ці, можа, разгортвалі? Я адказаў, што не. Я праводзіў пікет адзін. Журналісты ж дапамаглі мне сесці ў аўтамабіль і выйсці з яго, паколькі я абмежаваны ў перасоўваннях, маю сур'ёзныя праблемы са здароўем», - пракаментаваў Юрый Ляшэнка. Ён перасоўваецца пераважна на інваліднай калясцы.
Па выніку «гутаркі» ўчастковы склаў пратакол апытання. Верагодна, міліцыя паспрабуе прыцягнуць да адказнасці журналістаў нібыта за ўдзел у пікеце. 15 студзеня Кастусю Жукоўскаму тэлефанаваў участковы, які настойліва запрашаў яго таксама на «гутарку» з нагоды пікету ў Светлагорску. «Я адмовіўся хадзіць на нейкія гутаркі, таму што мне не было позвы. Мала хто мне тэлефануе і з якой нагоды», - адзначыў жыхар Гомеля.
15 студзеня ў судзе Светлагорскага раёна павінна было адбыцца разгляд скаргі Юрася Ляшэнка на дзеянні райвыканкама, які не дазволіў яму правесці пікет. Але пасяджэнне перанеслі, бо ў суд не з'явіўся намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Мяркулаў, які прадстаўляе інтарэсы ўлады.