Касацыйная скарга Тамары Шчапёткінай будзе разгледжана 22 студзеня
17 снежня незалежная журналістка Тамара Шчапёткіна была пакарана судом Бярозаўскага раёна штрафам у 30 базавых велічынь па абвінавачанні ў парушэнніч.2 арт 22.9 КаАП РБ. У пастанове аб накладанні адміністрацыйнага спагнання за подпісам суддзі Наталлі Вакульчык указваецца, што Тамара Шчапёткіна прыцягнута да адказнасці за здзяйсненне прафесійнай дзейнасці журналіста замежных сродкаў масавай інфармацыі без акрэдытацыі. Разам з тым, у ч.2. арт 22.9 КаАП гаворыцца пра выраб і распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі, чаго незалежная журналістка не здзяйсняла.
Падставай для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці Тамары Шчапёткінай стала інтэрвью з загадчыкам Цэнтральнай аптэкі Бярозы Алегам Казюпай “Чаго чакаць ад пастановы Міністэрства аховы здароўя № 66”, якоебыло размешчана на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”. Інфармацыя датычылася новых правіл продажу лекаў.
Суд не ўлічыў, што Т. Шчапёткіна не звязана працоўнай дамовай з “Беларускім Радыё Рацыя”, чаго патрабуе п.6 арт 1 Закона “Аб СМІ”.
Незалежная журналістка лічыць, што парушана яе права на збор і распаўсюд інфармацыі, гарантаванае арт.34 Канстытуцыі РБ і арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.