Непаўнагадовы Антон Мех з Кобрына атрымаў папярэджанне за ўскладанне кветак да помнікаў паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы
Антон навучаецца ў Польшчы, і на паседжанні адміністрацыйнай камісіі па справах непаўнагадовых прысутнічаў па даверанасці яго бацька, грамадскі актывіст Алесь Мех. Намеснік старшыні камісіі Аляксандр Кананчук прыгразіў, што ў выпадку ўхілення Антона ад адміністрацыйнага працэсу, будзе дадзены загад, каб яго затрымалі на мяжы пасля вяртання з канікулаў і калядных святаў.
На паседжанне камісіі прыязджалі сведкі-міліцыянты Юры Садоўскі і Дзяніс Паўлючэня са Свіслачы. Былі прагледжаны відэаматэрыялы, якія каментавалі свіслацкія праваахоўнікі, даводзячы, што ў Свіслачы адбылося несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Па словах Алеся Меха, ён тлумачыў, што ў Свіслачы ўдзельнікі ўшанавання не мелі на мэце правядзенне масавага сходу, людзі пераходзілі ад аднаго помніка да другога па тратуары.
У выніку разгляду справы Антон Мех быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння – удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і атрымаў папярэджанне.
Сам Алесь Мех быў пакараны за ўдзел ва ўшанаванні герояў-паўстанцаў судом Кобрынскага раёна штрафам у 10 базавых велічынь.