Праз 5 дзён стануць вядомыя Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці
13 студзеня Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый агучыць пераможцаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” 2014 году.
Прэміяй уганаруюць выбітных асобаў, арганізацыі ды падзеі, якія летась былі знакавымі для разьвіцьця беларускага трэцяга сэктару.
У гэтым годзе на званьне Грамадзкі лідэр году прэтэндуюць: Алена Анісім (ТБМ), ініцыятарка гомельскай кампаніі “Новая Беліца” Галіна Краўчанка, Гары Паганяйла (БХК), Зінаіда Цімошак з грамадзкай ініцыятывы “Ўтульны край”, праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Алена Танкачова, а таксама вядоўцы моўных шоў: Алесь Залеўскі, Алеся Літвіноўская, Аляксей Шэін, Валярына Кустава, Глеб Лабадзенка, Алёна Андрэева, Франак Вячорка, Юлія Коцкая, Кацярына Пікірэня і Пётра Клюеў.
Прыз у намінацыі “Кампанія году” ўручаць ініцыятарам найбольш значнай агульнанацыянальнай кампаніі, праведзенай НДА ў 2014 годзе.
Сёлета за ўзнагароду пазмагаюцца шэсьць прэтэндэтнаў: кампанія “Пазнач сябе беларусам” (вышыванкі, вышымайкі, стужкі), адзначэньне 500-годзьдзя бітвы пад Воршай, кампанія “НЕ жорсткасьці ў адносінах да жывёлаў”, кампанія ў абарону менскага раёну Асмалоўка, маніторынг стану беларускай мовы ад ТБМ, а таксама кампаніі правааабрончых арганізацыяў супраць сьмяротнага пакараньня “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі” і “Несмертная казнь: потому что мы люди”.
Крэатыву грамадзянскай супольнасьці не займаць! Спадзяемся, журы будзе цяжка вызначыцца зь пераможцам намінацыі “Крэатыў году”.
Нестандартным падыходам летась вызначыліся адзначыліся: футбольныя фанаты на матчы “Беларусь – Украіна”, фэст “Зялёны ўікэнд”, “Жывая бібліятэка”, кампанія Зялёнай сеткі “Зялёны балкон”, праекты групы “Сыгнал” (вядомыя акцыяй “Партрэт Васіля Быкава ў Менску”, фэстам стрыт-арта “Вуліца Бразыл”, і графіці-фэстамі ў рэгіёнах Беларусі).
Таксама прэміямі будуць адзначаныя “Новая ініцыятыва”, “Рэгіянальная падзея”, “Мэдыя/журналіст году” і “Найлепшы сайт НДА”. Будзе вызначаны і “Гарбуз году” — “узнагарода” за нэгатыўныя дзеяньні ў дачыненьні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і іх прадстаўнікоў.
Як мы абіраем пераможцаў
У гэтым годзе Прэмія, якую заснавала Асамблея НДА, уручаецца ў шосты раз.
Па традыцыі пераможцы вызначаюцца па выніках супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі Рабочай групы Асамблеі (44 прадстаўнікі арганізацыяў), а таксама 56 спэцыяльна запрошанымі экспэртамі зь ліку лідэраў НДА ды мінулагодніх пераможцаў прэміі.
Новаўвядзеньнем 2014 году стала далучэньне да ліку журы журналістаў незалежных мэдыяў, якія стала пішуць пра дзейнасьць арганізацыяў трэцяга сэктару.