viasna on patreon

Алены Марчанка не губляе надзеі дабіцца абвяржэння паклёпніцкіх звестак, выкладзеных участковым

2015 2015-01-07T01:18:12+0300 2015-01-07T01:18:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marchanka-alena-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Марчанка

Алена Марчанка

Жыхарка вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алена Марчанка атрымала ўведамленне з суда Клімавіцкага раёна, у якім паведамляецца, што разгляд яе касацыйнай скаргі ў судовай калегіі па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда адбудзецца 12 студзеня 2015 года ў 12-00.

У касацыйнай скарзе Алена Марчанка просіць адмяніць рашэнне суда Клімавіцкага раёна ад 17.10. 2014 г. і прызнаць не адпавядаючымі сапраўднасці і ганьбячымі яе гонар і годнасць ілжывыя звесткі, якія былі ўказаныя ў характарыстыцы, напісанай участковым інспектарам Клімавіцкага РАУС Панасенка В. С. і агалошаныя 08.01.2014 г. на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама, і наяўныя ў матэрыялах адміністрацыйнай справы № 07-01-81-2013. Спадарыня Марчанка патрабуе абвяржэння наступных звестак: тое, што яна па характару запальчывая, схільная да ілжы і паклёпу, не падтрымлівае адносінаў з суседзямі, што адмоўна характэрызуецца па месцы жыхарства і што на пастаўленыя па сутнасці заўвагі не рэагуе.

Алена Марчанка просіць судовую калегію абавязаць адказчыка абвергнуць звесткі, ганьбячыя яе, шляхам прадастаўлення характарыстыкі, якая не адпавядае рэчаіснасці, за подпісам участковага інспектара Панасенкі В. С. і агалошвання яе на бліжэйшым планавым пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў яе прысутнасці, а таксама наступнага публічнага прынясення ўчастковым інспектарам Панасенка В. С. ёй выбачэнняў. Таксама Алена Марчанка звяртаецца да судовай калегіі з просьбай спагнаць з адказчыка ўплачаную ёй дзяржпошліну ў памеры 675 000 рублёў.

Па словах спадарыні Марчанка, пракурор Клімавіцкага раёна С. Рашук таксама накіраваў касацыйны пратэст на рашэнне суддзі суда Клімавіцкага раёна ад 17.10. 2014 г. у калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда. Пракурор просіць адмяніць гэта рашэнне і спыніць вытворчасць па справе быццам бы з-за таго, што разгляд пазову Алены Марчанка не падведамасны суду Клімавіцкага раёна, бо выдадзеная ўчастковым інспектарам Панасенка характарыстыка была прадастаўлена ў межах вядзення адміністрацыйнага працэса і з’яўляецца афіцыйным дакументам. Згодна ж Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 23.12.1999 г. №15 “Аб практыцы разгляду судамі грамадзянскіх спраў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі” не могуць разгдлядацца патрабаванні аб абвяржэнні звестак, якія ўтрамліваюцца ў афіцыйных дакументах, для абскарджвання якіх законам прадугледжаны іншы парадак.

Алена Марчанка не пагаджаецца з такімі высновамі пракурора Клімавіцкага раёна і, у сваю чаргу, днямі накіравала ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда свае пярэчанні на касацыйны пратэст пракурора Клімавіцкага раёна №23-2014/605. Спадарыня Марчанка даводзіць, што выдадзеная ўчастковым інспектарам Панасенка характарыстыка не можа лічыцца афіцыйным дакументам, бо складзена з грубымі парушэннямі і не мае юрыдычнай сілы. Яна просіць судовую калегію Магілёўскага абласнога суда адмовіць пракурору Клімавіцкага раёна ў задавальненні яго касацыйнага пратэста ў частцы спынення вытворчасці па справе, вынесці прыватнае вызначэнне на яго адрас за няведанне заканадаўства аб справаводстве і абавязаць пракурора Клімавіцкага раёна арганізаваць семінар па вывучэнню Інструкцыі па справаводству для супрацоўнікаў Клімавіцкай пракуратуры і Клімавіцкага РАУС з запрашэннем для яго правядзення кампетэнтных супрацоўнікаў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама.

Нагадаем, што раней суд Клімавіцкага раёна 17 кастрычніка прыняў рашэнне адмовіць жыхарцы вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алене Марчанка ў задавальненні пазова аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. У якасці адказчыкаў па пазову выступалі ўчастковы інспектар Клімавіцкага РАУС Вадзім Панасенка і Клімавіцкі РАУС.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што рашэнне суда Клімавіцкага раёна ад 17.10.2014 г. па пазову спадарыні Марчанка не з’яўляецца аб’ектыўным, суддзя пры разглядзе пазова не прыняла да ўвагі шэраг выкладзеных у пазове доказаў і фактаў. Барыс Бухель спадзяецца, што судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда адменіць рашэнне суда Клімавіцкага раёна, бо пры разглядзе пазова Алены Марчанкі ў гэтым судзе былі дапушчаны шматлікія грубыя парушэнні і гэта рашэнне не можа лічыцца абгрунтаваным.

Да звароту ў суд Алена Марчанка звярталася ў Клімавіцкі РАУС, УУС Магілёўскага аблвыканкама і прасіла прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 9.2 КаАП (паклёп) участковага інспектара Клімавіцкага РАУС Панасенка В. С. Нагодай паслужыла тое, што на паседжанні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага раёна 8 студзеня 2014 года была публічна агалошаная напісаная ўчастковым характарыстыка, якая ўтрымлівала, на думку Алены Марчанка, заведама ілжывыя і ганьбячыя яе звесткі. У прыватнасці, у шэрагу з іншым, у характарыстыцы ўчастковы інспектар напісаў, што Алена Марчанка “схільная да ілжы і паклёпу”.

Сама Алена Марчанка выказвала нязгоду з гэтым сцвярджэннем супрацоўніка міліцыі і ў якасці доказу прывяла той факт, што яна ні разу не прыцягвалася да адміністрацыйнай, грамадзянскай ці дысцыплінарнай адказнасці за распаўсюд ілжывай альбо паклёпніцкай інфармацыі.

Таксама спадарыня Марчанка спасылалася на папярэднюю характарыстыку таго ж участковага Панасенка, у якой ён характэрызаваў яе як спакойнага, ураўнаважанага чалавека, які не ўчыняе скандалаў па месцы жыхарства, характэрызуецца здавальняюча і да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягвалася.

Станоўчага выніку папярэднія звароты спадарыні Марчанкі аб прыцягненні да адказнасці ў РАУС і УУС таксама не прынеслі.

Нагадаем таксама, што 17 чэрвеня Алена Марчанка здолела дамагчыся ў судзе Клімавіцкага раёна адмены пастановы адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама аб пакаранні яе штрафам у памеры 15 базавых велічынь (2 250 000 рублёў) за парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных правіл і спынення адміністрацыйнай справы ў адносінах да сябе.

Супрацьстаянне спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы.

Алена Марчанка займаецца свінагадоўляй, каб былі грошы аплочваць лячэнне сына, які з’яўляецца інвалідам з дзяцінства.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства