Брэст: пададзены заяўкі на правядзенне 18 пікетаў супраць эканамічнай палітыкі ўладаў Беларусі
Ініцытыва правядзення амаль двух дзесяткаў масавых мерапрыемстваў належыць мясцовым актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі і прыхільнікам дэмакратычных пераменаў у краіне.
Паводле слоў кіраўніка Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Вуека, падставай для таго, каб ладзіць пікетаванне, з’яўляецца чарговы валютна-фінансавы крызіс ў Беларусі, які сведчыць пра бяздарную палітыку ўрада. “У такіх умовах варта патрабаваць адстаўкі кіраўніка дзяржавы, які нясе персанальную адказнасць за дзеянні падпарадкаваных яму галінаў выканаўчай улады і асабіста вінаваты ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі ў краіне”, - зазначыў Вуек.
Заяўкі на пікеты, якія мяркуецца правесці 17 студзеня, ужо пададзены ў Брэсцкі гарвыканкам. Сярод месцаў, дзе актывісты АГП плануюць ладзіць масавыя мерапрыемствы, пазначаны як дазволеныя ўладамі пляцоўкі, так і іншыя месцы, што знаходзяцца каля буйных гандлёвых аб’ектаў альбо на цэнтральных вуліцах горада.