viasna on patreon

Магілёўскі абласны суд разгледзіць касацыйную скаргу выдаўца газеты “Вольны горад” 21 студзеня

2015 2015-01-02T15:55:02+0300 2015-01-02T15:55:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud-mahiliouski_ablasny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Будынак Магілёўскага абласнога суда

Будынак Магілёўскага абласнога суда

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда разгледзіць касацыйную скаргу выдаўца крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” 21 студзеня ў 10-00.

Адпаведную інфармацыю ў судзе Крычаўскага раёна атрымаў рэдактар газеты Сяргей Няроўны.

“31 снежня я наведаў суд Крычаўскага раёна, каб больш падрабязна азнаёміцца з пратаколамі судовых пасяджэнняў, на якіх разглядаўся пазоў аб абароне гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральнай шкоды начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай да незалежнай газеты “Вольны горад” і яе журналістаў, - распавядае Сяргей Няроўны. – Там мне і паведамілі, што разгляд нашай касацыйнай скаргі ў Магілёўскім абласным судзе адбудзецца 21 студзеня ў 10 гадзін. Я таксама даведаўся, што Марына Максімава ўжо змагла азнаёміцца з тэкстам касацыйнай скаргі Уладзіміра Кудраўцава”.

Журналісты газеты “Вольны горад” спадзяюцца, што судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда прызнае абгрунтаванасць выкладзеных у касацыйнай скарзе аргументаў і адменіць рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 8 снежня 2014 года.

Выдавец крычаўскай незалежднай газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў 17 снежня накіраваў касацыйную скаргу на рашэнне суда Крычаўскага раёна па пазову начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марына Максімавай аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда.

Выдавец “Вольнага горада” просіць судовую калегію адмяніць рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 8 снежня 2014 года і спыніць вытворчасць па справе, спагнаць з Марыны Максімавай выплачаную ім дзяржпошліну ў памеры 225 000 рублёў, а таксама вынесці прыватнае вызначэнне на адрас суддзі суда Крычаўскага раёна Алены Азаранка за недастатковы прафесіяналізм.

Уладзімір Кудраўцаў лічыць, што пры прыёме да разгляду і разглядзе пазова Марыны Максімавай ў судзе Крычаўскага раёна былі дапушчаны пэўныя парушэнні, не былі прынятыя да ўвагі і адхілены многія хадайніцтвы журналістаў “Вольнага горада”. Выдавец спадзяецца, што ўсе гэтыя абставіны будуць улічаны судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда, і рашэнне суда Крычаўскага раёна будзе адменена.

Суддзя суда Крычаўскага раёна Алена Азаранка 8 снежня вынесла рашэнне спагнаць з журналістаў газеты “Вольны горад” - яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава, рэдактара Сяргея Няроўнага і журналіста Мікалая Гердзія кампенсацыю за нанесеныя Марыне Максімавай маральныя страты ў памеры 7 000 000 рублёў, аплачанай ёй дзяржпошліны ў памеры 450 000 рублёў, і выдаткаў, звязаных з удзелам яе прадстаўніка ў судзе ў памеры 3 600 000 рублёў.

Падставай для падачы пазову стаў размешчаны 14 верасня 2014 года на інтэрнэт-сайце газеты “Вольны горад” артыкул “Не ў сваім крэсле?”, дзе выказвалася меркаванне, што начальнік ідэалагічнага аддзела ў “ідэалагічнай працы разбіраецца, як вядомая жывёла ў апельсінах”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства