Гродзенская пракуратура апраўдвае ўжыванне сілы “добраахвотным памочнікам” міліцыі
Грамадская актывістка з ГроднаВольга Крапоціна атрымала адказ з гарадской пракуратуры на сваю скаргу, у якой прасіла праверыць законнасць дзеянняў грамадзяніна Уладзіміра Гарэлава і прадстаўнікоў міліцыі і даць ім належную прававую ацэнку. Менавіта Гарэлаў 19-га верасня 2014 года затрымаў Вольгу Крапоціну з прымяненнем фізічнай сілыі перадаў яе міліцыі. На судзе ён тлумачыў свае паводзіны тым, што зрабіў гэта “только из уважения к участковому милиционеру”, які прыходзіў да яго раней і прасіў дапамагчы ў пошуку тых, хто распаўсюджвае “крамольныя” ўлёткі. Вольга Крапоціна была аштрафавана суддзём Дзмітрыем Бубенчыкам на 30 базавых велічынь па абвінавачанні ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе друкаванай прадукцыі” – улётак з заклікам вярнуць Крым Украіне.
Пракурор горадаУладзімір Клішын па скарзе Крапоцінай не знайшоў “падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання”. Уладзімір Клішын спаслаўся на артыкул 7 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку”, гаворачы пра паведамленні грамадзян і ігнаруючы прымяненне грамадзянінам Гарэлавым фізічнай сілы ў дачыненні да Крапоцінай і ігнараванне гэтага факту супрацоўнікамі міліцыі.